Абвестка

 

 

 

У выпадку ўзнікнення дадатковых пытанняў будзем радыя адказаць на іх штодня з 10.00 да 18.00 па тэлефонах: +375-29-856-42-01 Міхась, Viber / WhatsApp: +375-29-632-91-29 Вераніка.
Або па электроннай пошце: prastora@prastora.by
І ў сацыяльных сетках: Facebook, уКантакце або Інстаграм.

 

 

 

Рэквіем па непатрэбных рэчах

Штогод увосень у Бельску-Падляскім традыцыйна адбываецца фэстываль аўтарскае песьні "Бардаўская восень". Гэтымі днямі ў Менску назіраецца сапраўднае "Бардаўскае прадвесьне"! Толькі што адбыўся супольны канцэрт Зьмітра Бартосіка, Сержука Сокалава-Воюша і Андрэя Плясанава, як у сталіцу прэзэнтаваць новую кнігу "Requiem па непатрэбных рэчах", а заадно і пацешыць публіку сваімі песьнямі ды анэкдотамі едзе Віктар Шалкевіч! Ягоны гала-канцэрт пад назваю "Песьні, пачутыя з Урала-57" адбудзецца 2-га красавіка а 19-й гадзіне ў ДК МАЗ.

Бардаўскае прадвесьне


31 сакавіка зоркі бардаўскае песьні на адной сцэне: Зьміцер Бартосік, Сяржук Сокалаў-Воюш, Андрэй Плясанаў

Росквітам беларускае бардаўскае песьні называюць 80-я гады, калі зазьзялі імёны Алеся Камоцкага, Сержука-Сокалава-Воюша, Віктара Шалкевіча, Вальжыны Цярэшчанкі. У 90-х зьявіліся новыя імёны, узмацнілася сувязь бардаўскае песьні з папулярным рок-жанрам – Зьміцер Сідаровіч стварыў гурт "Камэлёт", а Эдуард Акулін пакінуў гурт "БАСКІ" і г.д. А некаторыя артысты здолелі нават сумяшчаць жанры, таленавіта праяўляючы сябе і ў рок-музыцы, і ў бардаўскай песьні – як, напрыклад, Андрэй Плясанаў.

31 сакавіка ў малой залі канцэртовага комплексу "Мінск" (ст. мэтро "Першамайская") адбудзецца міні-фэстываль бардаўскае песьні, які мусіць давесьці публіцы, што жанр яшчэ рана сьпісваць з рэестраў сучаснае культуры. У ім возьмуць удзел сапраўдныя зоркі, якіх слухачы ведаюць і па жывых канцэртных выступах, і з дыскаў: Зьміцер Бартосік, Андрэй Плясанаў і Сяржук Сокалаў-Воюш.

Доўгачаканы новы альбом ад гурту РСП – "Не налівай!"

22-га сакавіка ў сталічным клюбе "Рэактар" адбудзецца прэзэнтацыя новага альбому гурту "Разьбітае сэрца пацана" "Не налівай!" Паводле словаў гітарыста ды вакаліста гурту Дзяніса Тарасенкі, новы дыск атрымаўся крыху больш сур'ёзным, таму і на прэзэнтацыі музыкі будуць прытрымлівацца гэтае стылістыкі.

Дарэчы, новы альбом "Не налівай!" ужо можна замовіць на Prastora.by!

Віншуем музыкаў з новаю кружэлкаю і, карыстаючыся нагодаю, запрашаем усіх ахвотных на музычнае сьвята "ў стылі брутальнага гатычнага грайндкора з прымочанымі гітарамі і жывымі барабанамі"! Падрабязьней пра канцэрт тут.

Жыве справа Скарыны на PC і Macintosh!

Кампанія "Будзьма беларусамі" прэзэнтавала фірмовыя налепкі на клявіятуру, галоўнаю адметнасьцю якіх ёсьць наяўнасьць беларускіх кірыліцы і лацінкі. Адгэтуль беларускамоўным карыстальнікам аргтэхнікі будзе лацьвей набіраць патрэбныя тэксты – ці то кірылічным, ці то лацінкавым варыянтам.

Дзякуючы супольнай акцыі, атрымаць такія камплекты могуць і кліенты інтэрнэт-крамы Prastora.by, даўшы рады адказаць на колькі пытаньняў конкурсу "Жыве справа Скарыны на PC і Macintosh!" Форма падаваньня адказаў традыцыйная – у камэнтары да любое замовы на Prastora.by.

Уласна пытаньні можна паглядзець тут.

"Прысьпешым Вясну" – яшчэ болей падарункаў!

То ж, час падвесьці вынікі нашае акцыі "Прысьпешым Вясну!" і абвесьціць пераможцаў, якія заўтра пойдуць на канцэрт Зьмітра Вайцюшкевіча і WZ-orkiestra.

Але спачатку варта падаць правільныя адказы. Вось яны:

1) Дыск караоке, на якім зьмешчаныя песьні Зьмітра Вайцюшкевіча з розных альбомаў, называецца "Спявай васільковы край!".
2) Старэйшага сына спадара Вайцюшкевіча завуць Андрэем, а малодшага – Язэпам.
3) Паэты, на чые вершы Зьміцер Вайцюшкевіч выдаваў адмысловыя альбомы:
Л. Дранько-Майсюк – "Цацачная крама";
А. Камоцкі – "Паравіны году";
Р. Барадулін – "Паравоз каханьня";
У. Маякоўскі – "MW";
Т. Такана, К. Хаясі, У. Нагуці, Т. Танака, А. Глобус – "Месяц і Сонца";
У. Някляеў – "Танга з ружай";
Г. Бураўкін – "Liryka";
А. Кавалеўскі – "Мой сябра анёлак";
У. Караткевіч – "Беларуская песня (Дзе мой край)";
4) Рака, на якой стаіць улюбёны хутар артыста Вайцюшкевіча, завецца Нёман.
5) Жаночыя імёны, якія сустракаюцца ў тэкстах вайцюшкевічавых песень: Яна, Кацярына, Зося, Аўдоцьця, Наталька, Наташка, Натка, Кася, Дарота, Ганначка, Сьвятлана, Галіна, Ілонка, Марта, Дамініка, Вэнэра, Любоў, Мар'я, Любачка, Сафія, Бэла, Лея, хтосьці Яблонская ды іншыя прадстаўніцы прыўкраснае паловы чалавецтва!

Як тое ні дзіўна, найбольш трапныя адказы на працягу ўсяго конкурсу давалі якраз дзяўчаты))) І пераможцамі сярод іх аказаліся Іна Хоміч зь Берасьця і Лізавета Новікава зь Менску. Мы ўжо зьвязаліся зь пераможцамі, і заўтра яны ў таварыстве зь яшчэ аднога найблізкага чалавека адправяцца на канцэрт Зьмітра Вайцюшкевіча і WZ-orkiestra. Віншуем!!!

Усе астатнія ўдзельніцы і ўдзельнікі атрымалі ў падарунак паэтычна-музычны дыск "Уладзімір Караткевіч. Дзе мой край", а хтосьці яшчэ атрымае – у выпадку, калі іх замовы знаходзяцца ў апрацоўцы або на шляху да месца прызначэньня. Некаторыя зухі пасьпелі падаць адказы нават не па адным разе і, адпаведна, атрымаць не па адным дыску:) Зайздросны спрыт і добры прыклад іншым!

Мы шчыра дзякуем усім, хто ўзяў удзел у конкурсе "Прысьпешым Вясну!" – мы верым, што дзякуючы вам Вясна сапраўды ўжо зусім хутка закрасуе над нашым краем! Тыя, хто не пасьпеў паўдзельнічаць у конкурсе і атрымаць дыск у падарунак, таксама ня маюць асаблівых нагодаў для засмучэньня: па-першае, дыск "Уладзімір Караткевіч. Дзе мой край" зьявіўся ў продажы, а па-другое, неўзабаве на Prastora.by будуць агалошаныя ўмовы наступнага конкурсу – "Жыве справа Скарыны на PC і Macintosh!", удзельнікі якога атрымаюць стылёвыя беларускамоўныя налепкі на клявіятуру.

Жыве Вясна, спадарства! :)))

"Прысьпешым Вясну" – вясновыя падарункі пасярод лютаўскіх маразоў!

Чым болей лютаўскі мароз убіраецца ў сілу і чым мацней спрабуе ўшчыкнуць нас за нос і вушы, тым болей усім нам хочацца вясны, і тым адчувальнейшым робіцца яе хуткае і непазьбежнае надыходжаньне!

То ж мы разам са Зьмітром Вайцюшкевічам і парталам Naviny.by надумалі яшчэ трошачкі "прысьпешыць вясну" – і абвесьціць адпаведную акцыю, зрабіўшы паралельна колькі падарункаў усім сваім кліентам. Уласна, двума галоўнымі прызамі кампаніі "Прысьпешым Вясну!" стануцца чатыры квіткі (па два кожнаму з двух пераможцаў) на вясновы канцэрт Зьмітра Вайцюшкевіча і WZ-orkiestra 8-га сакавіка ў Менску. Але й тым, хто жыве па-за Менскам або мае іншыя пляны на вечар 8-га сакавіка ўдзельнічаць будзе цікава: без прызоў і падарункаў не застанецца ніводзін удзельнік або ўдзельніца!

Кожны, хто возьме ўдзел у акцыі "Прысьпешым Вясну, атрымае ў падарунак эксклюзіўны дыск ад Prastora.by і Зьмітра Вайцюшкевіча. Дыск называецца "Уладзімір Караткевіч. Дзе мой край", і яго пакуль няма ані ў продажы, ані дзесьці яшчэ – і ніхто гэтае выданьне, апроч самога Зьмітра Вайцюшкевіча, пакуль ня бачыў :) Гэта паэтычна-музычная складанка, дыск-прысьвячэньне, дзе, апроч Зьмітра Вайцюшкевіча і WZ-orkiestra (якія складаюць музычную частку на дыску), бяруць удзел таксама Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін і Ўладзімер Някляеў, якія чытаюць свае творы, прысьвечаныя генію беларускае літаратуры Ўладзімеру Караткевічу.

Цяпер, што да ўмоваў акцыі. Яны вельмі простыя – трэба як мага больш дакладна і поўна адказаць на 5 пытаньняў, зьвязаных з творчым і жыцьцёвым шляхам Зьмітра Вайцюшкевіча:

1) Як называецца дыск караоке, на якім зьмешчаныя песьні Зьмітра Вайцюшкевіча з розных альбомаў?
2) Як завуць старэйшага і малодшага сыноў спадара Вайцюшкевіча?
3) На вершы якіх паэтаў Зьміцер Вайцюшкевіч выдаваў адмысловыя альбомы?
4) На якой рацэ стаіць улюбёны хутар артыста Зьмітра Вайцюшкевіча?
5) Пералічыце жаночыя імёны, якія сустракаюцца ў тэкстах вайцюшкевічавых песень (у назвах песень і ў саміх тэкстах – чым болей імёнаў, тым лепей).

Адказы трэба падаваць у камэнтарах да замовы. Нагадаем, два пераможцы, якія трапна адкажуць на першыя чатыры пытаньні і найбольш поўна на пятае, атрымаюць па два квіткі на вясновы канцэрт Зьмітра Вайцюшкевіча і WZ-orkiestra 8-га сакавіка ў Менску, які адбудзецца ў ДК МАЗ а 19-й гадзіне. Усе астатнія атрымаюць бясплатна кампакт-дыск "Уладзімір Караткевіч. Дзе мой край", удзельнікамі якога зьяўляюцца Зьміцер Вайцюшкевіч, музычна калектыў WZ-orkiestra, Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін і Ўладзімер Някляеў. Акцыя трывае да 7-га сакавіка, калі пераможцы атрымаюць галоўныя прызы і пачнуць рыхтавацца да першага вясновага канцэрту нястомнага выканаўцы.

То ж ня мерзьнем, прысьпешвайма Вясну!

P.S. Тыя, хто ня вельмі ўпэўнена пачуваюцца ў жыцьцёвай і творчай біяграфіі сьпевака і кампазытара Зьмітра Вайцюшкевіча, а атрымаць дыск "Уладзімір Караткевіч. Дзе мой край" усё-ткі хочацца, проста пішэце ў камэнтары да замовы: "Жыве Вясна!!! Жыве Вясна!!! Жыве Вясна!!!" )))

"Дзве душы" Максіма Гарэцкага ды іншыя новыя тавары на Prastora.by

Прапаноўваем вашай увазе зусім новую аўдыёкнігу класіка нашае літаратуры Максіма Гарэцкага, а таксама іншыя новыя тавары, што кагадзе з'явіліся на Prastora.by.

 

Аўдыёкніга Гарэцкі Максім. Дзве душы

Аўдыёкніга ў фармаце mp3. Агульны час гучання: 6 гадзіна 58 хвілінаў. Чытае Валер Мазынскі. © & (p) BelTonMedia, 2011.

ЗМЕСТ

Літоўскі хутарок. Апавяданне
Роднае карэнне. Апавяданне
Рускі. Апавяданне
Дзве душы. Аповесць

Чытае: Валер Мазынскі
Запіс, гукавое і музычнае афармленне: Алесь Калоша
Дызайн: Сяргей Ждановіч

Доўгі час творчасць Максіма Гарэцкага была схаваная ад чытача. Творы "буржуазнага нацыяналіста і контррэвалюцыянера" камуністычны рэжым упарта спрабаваў выкрасліць з духоўных набыткаў нашае нацыі.

Сёння спадчына пісьменніка трывала займае пачэснае месца ў залатым фондзе беларускай класічнай літаратуры. І не толькі як дасканалы ўзор прыгожага пісьменства, скарб філасофскае думкі, што існуе па-за прасторай і часам. Напісаныя амаль стагоддзе таму, кнігі Максіма Гарэцкага актуальныя дасёння, яны пякуча-балючыя для нас, беларусаў ХХІ стагоддзя. Таму што пытанняў, якія ў сваіх творах акрэсліў самы слынны з роду Гарэцкіх, дакладней, тых пытанняў, якія ён выцягнуў на свет Божы "з самых глыбіняў беларускае душы", дагэтуль так і не развязалі мы, яго спадкаемцы.

"Душа дваілася. Адна палова несказанна плакала і жалілася на другую, нашто яна мучыць яе падманкамі. І калі ён троху выстагнаўся, казала: "Уцячы... уцячы...". Ці ж не падобныя гэтыя думкі галоўнага героя аповесці "Дзве душы" да думак многіх з нас? І гэтаксама стогне, баліць сёння сэрца ад падману, разлому, ад нашае душэўнае раздвоенасці...

Адолеем дваістасць душы – і ўваскрэснуць, ажывуць самыя светлыя мары аб нашай Бацькаўшчыне. Будзе лад у нашай душы – то знікнуць у нябыце пачвары няпэўнасці, сярмяжнай пакорлівасці, якія часам усіх нас згрызаюць. Вызначым цвёрда сваё месца на гэтай зямлі – і тады ўжо бадай ніколі "не аддамо святыні псам".


Дзмітрый Бугаёў:

Максім ГАРЭЦКІ – адзін з тых літаратараў, якія... свядома выбіралі свой цяжкі, цярністы шлях самаадданага служэння роднаму народу, заўсёды дарагой для іх бацькаўшчыне і шчыра стараліся, калі гэта толькі ад іх залежала, ніколі не збочваць з яго.

З Калядамі і Новым годам!

Калектыў Prastora.by разам з гуртом "Ляпіс Трубяцкі" віншуе ўсіх беларусаў з Калядамі і Новым годам музычнаю паштоўкаю "Грай!". Як кажа Сяргей Міхалок, "ёю мы жадаем падарыць усім беларусам адчуваньне вясны і сьвяточных цудаў, а таксама падтрымаць веру беларусаў у сьветлую будучыню, пазытыў і немінучую перамогу дабра над любымі казачнымі пачварамі! Мы прапаноўваем беларусам, якія жывуць у розных кутках зямное кулі, стаць у карагод, прасьпяваць гэтую песьню хорам і вярнуць у нашыя шэрагі веру ў сяброўства, братэрства і каханьне".

Ад сябе хочацца шчыра падзякаваць усім, каму нашыя паслугі аказаліся патрэбнымі ў гэтым годзе – сустрэнемся ў Наступным! Разам прычакаем Вясну ў нашым цудоўным краі!

Шчасьлівага Новага Году, Сябры!

Сьцягнуць музычную паштоўку "Грай" у высокай якасьці (320 кбіт/c, 10 Мб).
Сьцягнуць музычную паштоўку "Грай" у звычайнай якасьці (120 кбіт/c, 4 Мб).

Новая аўдыёкніга "Чорны замак Альшанскі" і дыск "Галасы" ў продажы!

Месяц Уладзіміра Караткевіча і Рыгора Барадуліна на Prastora.by працягваецца, і мы радыя прапанаваць вам новую аўдыёкнігу "Чорны замак Альшанскі" і раней выдадзены дыск "Галасы", на якіх вы зможаце пачуць творы і нават галасы нашых найлепшых творцаў!

 

Аўдыёкніга Караткевіч Уладзімір. Чорны замак Альшанскі

Аўдыёкніга ў фармаце mp3. Агульны час гучання: 21 гадзіна 36 хвілінаў. Чытае Андрэй Каляда. © & (p) BelTonMedia, 2010.

У гістарычным рамане-дэтэктыве "Чорны замак Альшанскі" Уладзімір Караткевіч уваскрашае падзеі, якія адбываюцца ў далёкім мінулым. Падзеі, што гістарычна і сюжэтна знітаваныя з сучаснасцю.

За гэты твор у 1984 годзе аўтара пасмяротна ўганаравалі Дзяржаўнаю прэміяю імя Якуба Коласа. У той самы час на нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм" Міхаіл Пташук зняў паводле раману двухсерыйны мастацкі фільм "Чорны замак Альшанскі".

 


Васіль Быкаў:

На перадапошнім годзе свайго жыцця ён скончыў "Чорны замак Альшанскі", які, дарэчы, зараз жа пасля выхаду ў свет быў экранізаваны на беларускай кінастудыі і абышоў шматлікія экраны свету. Гэты твор, бадай, самае сталае ўвасабленне Караткевічавага прыгодніцкага таленту, і створаны на выпрабаваным грунце прыгодніцкага жанру. У ім аўтар удала спалучыў падзеі і вобразы розных часоў, паказаў іх узаемасувязь і ўплыў даўніх справаў і ўчынкаў на фарміраванне нашага сёння. Раман чытаецца з захапленнем, яго востра-сюжэтная форма ў спалучэнні з выдатным моўным майстэрствам забяспечылі яму поспех сярод шырокага кола чытачоў.

Месяц Караткевіча і Барадуліна на Prastora.by!

Шаноўнае спадарства!

Мы, калектыў Prastora.by, надумалі абвясціць снежань 2010 году "месяцам Уладзіміра Караткевіча і Рыгора Барадуліна" на Prastora.by! Прычынаў гэтаму – дастаткова, і ўсякія прыемныя сюрпрызы яшчэ чакаюць вас наперадзе ў гэтым месяцы. Таму ўсіх таямніцаў адразу раскрываць ня будзем, нагадаем толькі асноўнае: нядаўна споўнілася 80 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча, а таксама канчаецца год, у якім свой 75-годовы юбілей святкуе Народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін.

Сябры, аднадумцы, паплечнікі. Два геніі, якія шмат праз што прайшлі і шмат чаго перажылі разам. Караткевічу, як пры жыцці, так ужо і пасля ягонага адыходу "да Абрама на моцнае піва" напісалі багата прысвячэнняў, але самыя шчырыя, найбольш моцныя і шчымлівыя радкі прысвяціў "князю крывіцкага духу" ягоны найлепшы сябар Рыгор Барадулін.

Вось адно з такіх прысвячэнняў:

ВАЛУН КАРАТКЕВІЧА
Сізіфава табе вядома праца.
Ты, колькі жыў, варочаў валуны, —
Каб пачалі сыны
За розум брацца,
Каб апрытомнелі твае сыны.
Няўдзячнасці глухімі валунамі
Табе плацілі добрыя дзядзькі
За тыя, што даверліва луналі
За хмарамі вякоў,
Твае радкі.
І ён,
Валун знямелага ўтрапення
І плачу нашага,
На грудзі лёг
Тваёй магіле.
Сосны прарыпелі,
Жагнаючы зеленарука лёх.
Як возьме
Бог
Сваіх даўгоў папірус,
Згадае і аб нашай старане:
Там Беларусь,
Дзе Караткевіч вырас.
І адпачне
На гэтым валуне.
Рыгор Барадулін,
з кнігі
"Уладзімір Караткевіч: вядомы і невядомы"

 

Караткевіч, у сваю чаргу, нямала радкоў прысвяціў дзядзьку Рыгору, або "Грышку", як ён сам яго называў. У тым ліку, цэлую навелу – "Ладдзю Роспачы", да якое мы яшчэ вернемся ніжэй. Тут жа прывядзем іншую "дэдыкцыю" – аўтограф на кнізе "Мая Іліяда" 1969 году, на якой Караткевіч намаляваў Барадуліна ў вобразе "святога" і выявіў, як ён "моліцца" на сябра, напісаўшы такія словы: "Вышэйшаму – ніжэйшы – дэдыкую – цалуючы прах пад ягонымі ступамі". Гэтыя і шмат якія іншыя рарытэтныя здымкі ўпершыню друкуюцца...