У рамане "Чужая бацькаўшчына", які ўваходзіць у вядомы пісьменніцкі цыкл празаічных твораў, адзначаных Дзяржаўнай прэміяй Беларусі імя Я. Коласа, Вячаслаў Адамчык стварыў вобраз заходне-беларускай вёскі ва ўмовах даваеннай польскай дзяржавы. Празаік зарэкамендаваў сябе як выдатны псіхолаг, знаўца чалавечае душы і традыцый вясковага побыту.
Паэма "Мушка-зелянушка і камарык – насаты тварык" – яскравае сведчанне шматграннага таленту Багдановіча. Да чаго паэт ні дакранаецца, вынікаюць мастацкія перлы, шэдэўры. У дадзеным выпадку маем бліскуча апрацаваны сюжэт, які можна лічыць уласным творам паэта, напісаным паводле фальклорных матываў.
У зборнік увайшлі літаратурна-публіцыстычныя артыкулы пра мясціны, звязаныя з жыццём і творчасцю Максіма Багдановіча, класіка беларускай літаратуры, а таксама матэрыялы, прысвечаныя асобам, якія ішлі па жыцці поруч з паэтам.
Імя Францішка Багушэвіча (1840 – 1900) – з самых дарагіх нашаму народу. Адзін з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры, ён ярка выявіў свой талент перадусім у паэзіі. У кнізе яго вершы змешчаныя як лацінкаю (факсімільнае выданне з арыгіналу), так і кірыліцаю.
Ян Баршчэўскі — адзін з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры. Галоўны яго твор – "Шляхціц Завальня", дзе ўпершыню шырока выкарыстоўваюцца беларускія казкі і паданні, дзе ў кожным слове "чуваць беларуса".
Карыстальнікам камп’ютэраў, відаць, неаднойчы даводзілася сутыкацца з праблемамі, створанымі камп’ютэрнымі вірусамі. Пра аднаго з іх – Віруса Шкодзю – і распавядаецца ў новай кнізе Анатоля Бутэвіча.
У кнігу народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава (1924 – 2003) увайшлі аповесці "Альпійская балада" і "Дажыць да світання" пра цяжкія франтавыя будні і лёс чалавека на вайне.
Казка "Сярэбраная табакерка" ўваходзіць у літаратурную спадчыну класіка беларускай літаратуры і любімага многімі пакаленнямі чытачоў пісьменніка Змітрака Бядулі. Просты і паэтычны твор вызначаецца яркасцю і сакавітасцю мовы.