![]() |
3.99 р.
Вага: 120 г
Памеры: 107x165 мм
|
Апокрыф-правакацыя. – Мінск: Галіяфы, 2009. – 142 с.
ISBN 978-985-6906-31-5
"Праўдзівая гісторыя Кацапа, Хахла і Бульбаша" – пародыя на афіцыйную мінуўшчыну трох спадкаемцаў міфалагічнай істоты Homo Slavіanikus’а, у якой дастаткова выразна прачытваецца гісторыя трох сусветна знаных народаў. Асобныя гістарычныя падзеі – закалоты, змовы, замірэнні і аншлюсы – наўмысна падаюцца ў перакручанай, прынцыпова нязвыклай для чытача трактоўцы. Гісторыя трох народаў паслядоўна выкладаецца "ад дагістарычных часоў і да будучых эпохаў", і з гэтае прычыны тэкст можа прэтэндаваць на пэўную эпічнасць.
Змест
Прадмова да публікацыі
...людзьмі звацца!
Новая зямля
Магутны Божа
Раскіданае гняздо
Людзі на балоце
...і ваякі на грозных канях!
Всякому городу нрав и права, всякий имєєт свой ум, голова!
Хто смяецца апошнім
Энеіда навыварат
Мужыцкая праўда
У нас все равны!
Ладдзя роспачы
Редкая птица
Маладыя гады, маладыя жаданні
Матчын дар
İ в найми душі віддали!
Блакіт і золата
Сцяпан – вялікі пан
Ogniem i mieczem
Розпрягайте, хлопці, коней!
Generation "Г"
Ты ж мене підманула, ты ж мене підвела
...з пароды рэнегатаў і дэгенератаў
Окно в Европу
Za wolność naszą i waszą!
Кохайтеся, чорнобриві, та не з москолями
Pan Tadewusz
Наука ненависти
...кровавую пищу клюет под окном!
Коли потяг у даль загуркоче
Пайсці і не вярнуцца
Год нулявы
Прадмова да публікацыі
Гісторыі, як навукі, ніколі не існавала, не існуе і існаваць не можа. Гэта бясспрэчна і відавочна.
Вывучэнне далёкай і не вельмі далёкай мінуўшчыны пачынаецца з першакрыніцаў. Калі першакрыніца адна, аніякіх праблемаў у даследніка не ўзнікае. Гісторыку нічога не застаецца, як даверліва пераказваць напісанае папярэднікам і не думаць, кім той быў: праўдзівым сведкам падзеяў ці іх зламысным фальсіфікатарам.
Праблемы пачынаюцца, калі першакрыніцаў некалькі. İ чым іх болей, тым цяжэй даследніку, бо першакрыніцы заўсёды супярэчаць адна адной. Мы доўга шукалі якіх-небудзь сведкаў, якія б цалкам супадалі ў апісаннях фактаў і ў іх трактоўцы і, як не дзіва, знайшлі. Толькі неўзабаве высветлілася, што адзін летапісец папросту спісваў у другога.
Але ж і старажытны плагіят бязлітасна перакручваецца цягам усіх наступных стагоддзяў. Незлічоныя легіёны гісторыкаў, ідэолагаў, паліттэхнолагаў, пісьменнікаў ды прадстаўнікоў іншых старажытных прафесій ствараюць велічную і бліскучую мінуўшчыну як альтэрнатыву прынізлівай рэчаіснасці і няпэўнай будучыні.
Такім чынам, больш-менш вартай даверу крыніцай можа быць адно аб'ектыўна першасны дакумент. Збольшага сумленныя даследнікі час ад часу спасылаюцца на нейкія загадкавыя Скрыжалі Гісторыі, на якіх нібыта і фіксуюцца праўдзівыя лёсы народаў. Да нядаўняга часу Скрыжалі гэтыя ніхто і нідзе не бачыў.
Не так даўно ў адным беларускім мястэчку руйнавалі чарговую старасвецкую камяніцу. Падпітыя калдыры, якія расцягвалі сцены на цэглу, адшукалі ў падмурках вялізную каменную пліту з загадкавымі пісьмёнамі. Замбаваныя дзяржаўнай прапагандай п'янтосы вырашылі, што гэта – шыфроўка-інструкцыя з Захаду да беларускіх нацыяналістаў, экстрэмістаў ды іншых тэрарыстаў. Калі ж пад плітой не знайшлося парашута, рацыі, выбуховых рэчываў ды іншых традыцыйных шпегунскіх трантаў, калдыры супакоіліся і пацягнулі знаходку ў камнедрабільню, каб раструшчыць пліту на жарству і такім чынам зарабіць на свае ўлюбёныя напоі.
На шчасце, побач апынуліся мы – аўтары гэтае публікацыі. İ, як толькі пабачылі дзіўныя каменныя пісьмёны, то зразумелі адразу: гэта – тыя самыя Скрыжалі Гісторыі, пра нястачу якіх меланхалійна ўздыхаюць прыхільнікі аб'ектыўнай мінуўшчыны. Гістарычная сенсацыя была навідавоку – у нашых руках.
Расшыфроўка тэксту заняла колькі гадоў, але намаганні далі плён. На вялікі жаль, нейкі невядомы калдыр адбіў верхнюю частку пліты, і таму першыя радкі летапісу назаўсёды страчаныя для даследнікаў. Аднак мы шчыра перакананыя, што непадробныя Скрыжалі стануць найкаштоўнейшай крыніцай праўдзівай і незаангажаванай гісторыі трох сусветна знаных народаў – Кацапаў, Хахлоў і Бульбашоў.
Уладзіслаў Ахроменка,
Максім Клімковіч.