![]() |
4.99 р.
Вага: 220 г
Памеры: 145x200 мм
|
Кароткая граматыка нямецкай мовы. / Л. П. Баршчэўскі; Я. А. Бяласін. — Мінск : Радыёла-плюс, ІП Сіўчыкаў Ул. М., 2012. — 120 с. : фат. — (Серыя «Беларускія ЕўраГраматыкі»).
ISBN 978-985-448-115-9 (Радыёла-плюс).
ISBN 978-985-7030-02-6 (ІП Сіўчыкаў Ул. М.).
Нямецкая мова, як індаеўрапейская, — «сваячка» беларускай і іншых славянскіх моў. Але пасля гіпатэтычнага «моўнага разводу» народаў да шчыльных моўных кантактаў з немцамі справа дайшла толькі ў апошнія тысячу гадоў.
Выданне адрасуецца ўсім, хто цікавіцца нямецкай мовай, гісторыяй і культурай.
УСТУП
Нямецкая мова, як індаеўрапейская, — «сваячка» беларускай і іншых славянскіх моў. Але пасля гіпатэтычнага «моўнага разводу» народаў да шчыльных моўных кантактаў з немцамі справа дайшла толькі ў апошнія тысячу гадоў.
Кантакты паміж Нямеччынай і Беларуссю ў іх гістарычных іпастасях развіваліся ў часе і прасторы. Яшчэ ў XIII стагоддзі існавала Ганзейская (прыналежная гандлёваму саюзу заходнееўрапейскіх гарадоў Ганза) факторыя ў Полацку. У XVI стагоддзі адзначаецца перасяленне немцаў на тэрыторыю Вялікага княства Літоўскага, у Полацк і Віцебск. Сёння вядома пра паселішчы немцаў-рамеснікаў на Магілёўшчыне, Віцебшчыне і Гомельшчыне. У Берасці напрыканцы XV стагоддзя была Нямецкая вуліца, заселеная купцамі з тых краёў. Тут, як і ў некаторых іншых гарадах ВКЛ, была лютэранская кірха, якая, дарэчы, захавалася і па сёння. У Брэст-Літоўскім павеце Гродзенскай губерніі ўжо ў часы панавання Расіі, у XVIII стагоддзі, утварыліся дзве калоніі перасяленцаў, Нойбраў і Нойдорф. Часта немцы шукалі на землях ВКЛ спакою і мірнай працы, якіх не было на радзіме.
Пад уплывам адукацыйна-рэлігійных чыннікаў шмат якія выхадцы з нашых краёў ехалі па добрую адукацыю ў нямецкія ўніверсітэты. Важную ролю ў станоўчай дынаміцы гэтых кантактаў адыграла і наданне вялікай колькасці гарадоў Вялікага княства Літоўскага магдэбургскага права. Колькасць этнічных немцаў на Гарадзеншчыне, найперш з прычыны геаграфічнай блізкасці да гістарычнай Прусіі, дасягала дзесяці тысяч чалавек. У Гомельскай вобласці ў 1920-я гады існавалі цэлыя нямецкія сельсаветы.
3 іншага боку, і ў нямецкім горадзе Ляймэн пасля Другой сусветнай вайны быў заснаваны Музей беларускай культуры, працаваў Інстытут беларусазнаўства. У сучаснай Германіі існуюць арганізацыі беларускай дыяспары. У Беларусі ў 1990 годзе ўтварылася Таварыства немцаў, якое ставіць за мэту стварыць Цэнтр нямецкай культуры.
Нельга не сказаць і пра яшчэ два фактары, якія сёння стымулююць вывучэнне нямецкай мовы беларусамі. Па-першае, пасля 1986 года ў Нямеччыне ўтварылася да 1000 (!!!) грамадзянскіх ініцыятыў і арганізацый дзеля дапамогі ахвярам Чарнобыля ў Беларусі. Адбываюцца ўзаемныя наведванні, беларускія дзеці аздараўляюцца ў Нямеччыне, дзеці гасцінных немцаў робяць візіты ў адказ. Па-другое, 15 беларускіх гарадоў маюць афіцыйна аформленыя дамовамі адносіны з нямецкімі гарадамі-партнёрамі: Мінск — Бон, Полацк — Фрыдрыхсгафэн, Брэст — Равэнсбург, Навагрудак — Ляймэн і інш. Некаторыя маюць і двух партнёраў, як, да прыкладу, Пінск (Альтэна, Бланкенбург).
Калі казаць пра чыста моўныя феномены, дык старадаўнія гістарычныя кантакты спарадзілі пласт лексічных запазычанняў з нямецкай мовы ў беларускую (на той час «рускую») мову. Агульныя і прадвечныя словы і протастарабеларускія запазычанні фіксуюцца і ў нямецкай мове.
У сучасную эпоху не толькі мовазнаўства, а найперш кампаратывістыка, пашырае межы вывучэння моў. Да таго ж, ведання розных моў вымагаюць глабалізацыя, выбуховы рост камунікацыі.
На сёння Германія сярод краін «старой Еўропы» была, ёсць і, верагодна, у агляднай будучыні застанецца найважнейшым гандлёвым партнёрам Беларусі.
Варта яшчэ раз адзначыць духоўную спадчыну, якую стварылі немцы на працягу апошняга тысячагоддзя: на нямецкай мове напісаны лепшыя творы класікаў сусветнай літаратуры і філасофіі, працы выдатных навукоўцаў, кнігі палітыкаў і рэлігійных дзеячаў.
Гэты даведнік акурат і прызначаны найперш для пачаткоўцаў: тых, хто вывучае нямецкую мову на курсах або самастойна. Пры тым што ён кароткі, тут даюцца некаторыя тлумачэнні, якіх няма ў іншых дапаможніках. Даведнік больш набліжаны да непасрэднага параўнання структуры нямецкай мовы са структурай роднай або вывучанай беларускай мовы. Дзеля зручнасці карыстальніка даведнік дапоўнены размоўнікам — спісам найбольш ужывальных выразаў нямецкай мовы і іх беларускіх адпаведнікаў. Асобна падаецца кароткі нямецка-беларускі слоўнік асабовых імён, які прапануе вырашэнне даўняй праблемы — знаходжання спосабу адэкватнай перадачы нямецкіх імён сродкамі беларускага алфавіту.
Пэўныя з пералічаных асаблівасцяў даведніка дазваляюць меркаваць, што ён не будзе лішнім і на стале спецыяліста-філолага.
Аўтары
ЗМЕСТ
УСТУП
ФАНЕТЫКА І ПРАВАПІС
Алфавіт
Націск і інтанацыя
МАРФАЛОГІЯ
Дзеяслоў
Назоўнік, артыкль
Прыметнік
Лічэбнік
Прыслоўе
Злучнік
Прыназоўнік
Часціца
Выклічнік
Агульныя палажэнні
СІНТАКСІС
Агульныя палажэнні
Інфінітыўныя группы
Асобныя віды сказаў
НЕКАТОРЫЯ ЎСТОЙЛІВЫЯ ВЫРАЗЫ
Выкарыстаныя крыніцы