![]() |
2.84 р.
Вага: 560 г
Памеры: 215x265 мм
|
Выданьне зьмяшчае рэпрадукцыі карцінаў і літаграфіяў аўтара, а таксама вершы і прозу. – Белы Крумкач, 2008. – 58 с. : іл. Цьвёрдая вокладка.
Вяртаньне ў будучыню
Можна быць найлепшым паэтам сярод мастакоў, альбо найлепшым мастаком сярод паэтаў, а яшчэ можна быць Блюднікам, ці блУднікам які вяртаецца, хоць і ніколі, нікуды не сыходзіў.
Мы жывем у такі час, калі межы па сутнасьці застаюцца адно на палітычных мапах і ў галовах людзей, якія спазьніліся на цягнік у сучаснасьць. Глябалізацыя гэта факт, так як тое, што сёньня я напішу гэты тэкст у Празе, заўтра яго надрукуюць у Познані, а пасьлязаўтра прачытаюць у Менску і ў Маларыце, а праз яшчэ нейкі час гэта нікога ня зьдзівіць, так як не зьдзіўляе сёньня нікога ні лямпачка, ні тэлефон без правадоў. Зьнікаюць межы, зьнікаюць краіны і народы, і як ні дзіўна, застаецца толькі тое, што пасьпявае віртуалізавацца. Можна б было па старой завядзёнцы паплакаць пра тулачы лёс беларуса, а можна прыняць яго як дадзенае часу, які нам пашэньціла адмяраць сваім жыцьцём. Сёньня беларускім мастаком можна заставацца і ў Гародні і на Марсе. Трэба толькі гэтага жадаць.
І тое, чым ёсьць вяртаньне мастака Блюдніка на Радзіму, гэта ня столькі вяртаньне, колькі спроба пасадзіць бульбу ў калісьці ўзаранай баразьне. Зусім неістотна, што яго ведаюць больш там, дзе ён жыве, а ня дзе нарадзіўся, бо беларускім мастаком ён не рабіўся ды не пераcтаваў быць ніколі. Беларускасьць гэта не элемэнт ягонага мастацтва. Беларускасьць ёсьць ягоным мастацтвам...
Чым жа ёсьць мастацтва?
Пытайцеся ў Блюдніка.
Віталь Воранаў,
Прага, лістапад 2008
Уладзімір Блюднік (1 верасня 1975, Гродна) – беларускі мастак, паэт, празаік, сябра Беларускага культурна-асветніцкага цэнтру ў Познані. У 1993 – 1998 навучаўся ў Акадэміі мастацтваў у Познані. У 1998 годзе атрымаў дыплём у майстэрні літаграфіі прафэсара Л. Мяноўскага. Займаецца рысункам, жывапісам і графікай. Працы Уладзіміра Блюдніка захоўваюцца ў Беларусі, Польшчы, Канадзе, ЗША, Германіі, Гішпаніі, Нідэрляндах і Вэнэсуэле. Аўтар вершаў і апавяданьняў. Жыве і працуе ў горадзе Познані.
ВяртаньНе
У выдавецтве "Белы Крумкач" выйшла дэбютная кніга Уладзіміра Блюдніка – "Вяртаньне". Аўтар кнігі, паводле афіцыйных дадзеных, ураджэнец вёскі Пятрэвічы, паводле У. Блюдніка – іншай вёскі гарадзенскай вобласьці. Стала жыве і працуе ў Познані.
Уладзімір Блюднік па прафэсіі маляр і графік, па пакліканьні мастак у поўным значэньні гэтага слова. У кнізе прадстаўленыя вершы, апавяданьне, алейныя працы, а таксама шматлікія літаграфіі. Кніга ўяўляе сабой сумесь мастацкіх жанраў, якую ня можна назваць ані зборам паэзіі, ані кнігай прозы, ані мастацкім каталёгам. Хутчэй гэта кніга мастацтва, або цалкам новая форма, у якой аўтар ілюструе свае тэксты, ці апісвае свае карціны.
Кніга дзьвюхмоўная. Шэсьць вершаў пераклаў паляніст і літуаніст беларускага паходжаньня Радаслаў Акуліч-Казарын. Адзін верш і апавяданьне пераклаў Віталь Воранаў, які выступіў таксама рэдактарам і выдаўцом кнігі. Віталь Воранаў таксама напісаў уступ да кнігі – "Вяртаньне у будучыню", у якім тлумачыць патрэбу "вяртаньня" У. Блюдніка ў беларускую культуру.
Кніга падзеленая на тры канцэптуальныя часткі, запазычаныя з "У чаканьні Гадо" Сэмюэла Бэкета, пад назвамі: athambia (адвага), aphasia (немата) і apathia (абыякавасьць). У першай частцы прадстаўленыя сем вершаў, у другой – карціны і графікі, у апошняй – апавяданьне "Белы Дзень".
Кніга "Вяртаньне" сьведчыць пра адноснасьць. Падважаецца само значэньне дзеяслова "вяртацца", якое выкарыстанае ў дачыненьні да аўтара ці ягонай кнігі можа азначаць многае, а часам даваць цалкам супярэчлівы сэнс. Бо ці можна вяртацца туды, адкуль ты ніколі ў пэўным сэнсе не сыходзіў, альбо вяртаць у пэўны кантэкст, што гэтым кантэкстам створана. Адноснасьць таксама ва ўмоўным і штучным падзеле на галіны мастацтва. У кнізе У. Блюдніка падзел на віды мастацтва прысутнічае "pro forma", так каб гэтую форму адразу ж разьбіць і пахаваць як неактуальную сёньняшняму мастацтву.
Мастацтва У. Блюдніка непадуладнае кананічнаму ўяўленьню пра творчасьць, паколькі зьнішчае ягоныя межы, у даслоўным і алегарычным сэнсе. Аўтар гаворыць – можна быць беларускім мастаком у замежжы і можна ствараць унівэрсальнае мастацтва будучы глыбока ўкаранёным у сваю глебу. Верш можа быць карцінай, а літаграфія апавяданьнем. Гэты сэнс адлюстроўвае таксама лягатып сэрыі, якую распачынае кніга "Вяртаньне" – мадыфікаваны лінгвістычны знак унівэрсальнасьці мовы Н. Чомскага, які зрабіў рэвалюцыю ў лінгвістыцы і дыскурсе, а карані якога вядуцца зь Беларусі. Дарэчы графічны знак, выкарыстоўваючы тэхніку калаж, запраектаваў сам аўтар кнігі. Аўтар, ілюстратар, аздабляльнік і першы крытык; у кнізе У. Блюдніка, як і ў жыцьці ўсё адносна, усё – мастацтва. Гэтую кнігу трэба мець абавязкова, чытаць – не.
Паводле Лёніка Шышко-Карамелькі, budzma.org
Старонка аўтара ў Сеціве: http://free.art.pl/bludnik