![]() |
1.84 р.
Вага: 480 г
Памеры: 150x220 мм
|
Аповесці "Знак бяды" і "Ваўчыная яма" характарызуюць якасна новы этап у творчасці народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава (1924 – 2003).
Аповесці : для сярэд. і ст. шк. узросту / прадм. М. Тычыны. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2009. – 350 с. – (Школьная бібліятэка).
ISBN 978-985-02-1092-0
Аповесці "Знак бяды" і "Ваўчыная яма" характарызуюць якасна новы этап у творчасці народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава (1924 – 2003).
ЗМЕСТ
На апошнім рубяжы. Міхась Тычына
Аповесці
Знак бяды
Ваўчыная яма
НА АПОШНІМ РУБЯЖЫ
Прадмова да выдання
Перажытае беларусамі на працягу мінулага XX стагоддзя стала гісторыяй. Добрае яно ці дрэннае, але іншага ў пакалення Васіля Быкава не было. У пісьменніка, які жыў у гэты час, не застаецца нічога другога, акрамя як пакінуць пасля сябе сведчанне пра яго і тым самым выканаць свае "боскае наканаванне".
На пытанне аб пагрозах, якія паўсталі перад чалавецтвам у канцы XX і ў пачатку XXI стагоддзя, і мяжы чалавечых магчымасцей: "Дык што ж мы можам?" Быкаў адказваў наступным чынам: "Мы можам тое, што мы ўмеем: пісаць... Магчыма, сёе-тое з створанага намі спатрэбіцца, калі не цяпер, то калі-небудзь у будучым... І нават калі б шанец пазбегнуць катастрофы быў бы роўны аднаму з тысячы, нашы намаганні акупіліся б стакроць. Мы сведкі часу і генератары духоўнасці, якая адна пасылае надзеі. Наша ж маўчанне або нядбальства ў нашай справе абярнулася б не чым іншым, як ілжэсведчаннем, кашчунным наогул і злачынна кашчунным перад тварам небяспекі, якая ўсім пагражае".
Мастацкія творы Васіля Быкава – гэта адказы пісьменніка на вечныя і надзённыя пытанні, якія ад веку шукае чалавецтва. Зварот у мінулае, перш за ўсё да памяці пра вайну, тлумачыцца тым, што асваенне яго адкрывае чалавеку гістарычны характар сучаснасці. Здзяйсняючы свой маральны выбар у мінулым, чалавек тым самым робіць гэты выбар і за нашчадкаў. Менавіта таму вельмі важна ведаць, як, у якіх умовах ажыццяўляўся выбар далейшага шляху, каб лепш бачыць магчымыя перспектывы далейшага руху.
Якасна новы этап у творчасці Васіля Быкава ў яго роздуме над пытаннем аб сувязі часоў і пакаленняў распачала аповесць "Знак бяды", напісаная і апублікаваная ў 1982 годзе. Тагачаснае савецкае грамадства маральна і псіхалагічна не было падрыхтавана да ўспрыняцця таго высокага ўзроўню праўды пра мінулае, якое прапаноўваў пісьменнік. Але адна з асноўных задач мастака слова менавіта ў тым і заключаецца, каб пашыраць гарызонты гістарычных ведаў і тым самым пашыраць "сектар свабоды", кажучы словамі Янкі Купалы, "уздымаць патоптаныя душы, людскім іх званнем акрыляць", таму што без гэтага немагчымы рух наперад і працэс ачалавечвання свету.
В. Быкаў у гэтых адносінах быў няўступлівы, бо ведаў, што азначае адмова ад абароны гуманістычных каштоўнасцей у наш час, імкненне захоўваць нейтралітэт. Для пісьменніка гэта можа азначаць паражэнне, для нацыянальнай культуры – духоўнае выраджэнне. Менавіта гэты маральны максімалізм дапамог В. Быкаву выстаяць ва ўмовах, калі ідэалагічныя службы патрабавалі ад яго як аўтара новага твора саступак, аслаблення ў паказе супрацьстаяння ў часы рэвалюцыі, Грамадзянскай вайны, палітычных рэпрэсій, адмаўлення ад карцін бязмежнага трагізму, перажытага беларусамі як нацыяй у перыяд Вялікай Айчыннай вайны, калі перад імі паўстала пытанне аб фізічным выжыванні.
Аўтар аповесці "Знак бяды" глыбей, чым раней, адчувае сувязь часу і пакаленняў, наглядней выяўляе залежнасць падзей, якія ў тагачаснай грамадскай свядомасці існавалі паасобку, а менавіта – рэвалюцыя, калектывізацыя, вайна з народам і вайна з фашызмам. Яго нядрэмная думка, мастацкая і філасофская, накіравана на сцвярджэнне каштоўнасцей не толькі нацыянальна-беларускіх, але і агульначалавечых. Акцэнт робіцца на ідэі ўнікальнасці і самакаштоўнасці чалавечага жыцця і непаўторнасці чалавечай асобы. Аўтара пры гэтым глыбока хвалюе пытанне аб межах магчымага кампрамісу "маленькага чалавека" са злом, які не дазваляе пераступіць рысу чалавечнасці.
У кароткім уступе буйным планам, як у кінематографе, паказаны хутар Яхімоўшчына, яшчэ адно з ліку многіх разбуранае гняздо, дзе некалі цеплілася чалавечае жыццё, небагатае на простыя радасці, клопатнае і праблемнае, знак бяды. У драме Янкі Купалы пад сімвалічнай назвай "Раскіданае гняздо" размова ідзе аб няшчасці толькі адной сям'і Лявона Зябліка, за лесам якой праглядваўся лес народа, вымушанага арандаваць уласную, апрацаваную некалькімі пакаленнямі зямлю. У аповесці Васіля Быкава "Знак бяды" размова аб жыцці Петрака і Сцепаніды Багацькаў, перапоўненым выпадковымі недарэчнасцямі і заканамернымі няшчасцямі, набывае маштабы размовы аб трагедыі народа, пазбаўленага сваёй улады і ўласнай зямлі, залежнага ад злой волі прыхадняў.
Па сутнасці, усё жыццё жыхароў хутара было суцэльным кампрамісам з бальшавіцкім ладам, які спачатку абяцаў ажыццявіць даўнюю мару беларусаў аб зямлі і волі, а затым, выкарыстаўшы агульны парыў да лепшага жыцця і веру ў грамаду ("Грамада, – паводле народнай прымаўкі, – вялікі чалавек"), паспрабаваў сілай загнаць у стойла калектыўна-паўжывёльнага існавання. Аднак ва ўмовах падсавецкага жыцця заставалася яшчэ мінімальная магчымасць выбару: у Петрака і Сцепаніды Багацькаў была, хоць і моцна ўрэзаная, прыватная гаспадарка, іх дзеці Федзька і Феня вучыліся ў беларускамоўнай школе, скончыўшы якую, знайшлі спосаб з'ехаць у горад, цешачы бацькоў надзеяй, што калі не яны самі, дык іх дзеці пабачаць у сваім жыцці штосьці людскае. Гітлераўская акупацыя, "новы парадак" не пакідалі і такой магчымасці, дазваляючы толькі права на пажыццёвае і бясслоўнае рабства з малымі шанцамі выжыць.
У творы на першым плане чалавечы маштаб вымярэння падзей, якія шматкроць пераўзыходзяць фізічныя і духоўныя магчымасці звычайнага чалавека і, нягледзячы на яго спробы супраціву, няўхільна вядуць яго і яго блізкіх да катастрофы. Адсюль такая небывалая ў сусветнай літаратуры ўвага да апісання простага, амаль першабытнага, побыту, такая чуласць і спагада да безабаронных перад пагрозамі веку жыхароў маленькага хутара, якога калі што і ратуе пэўны час, дык гэта яго аддаленасць ад бліжэйшага населенага пункта, вёскі, мястэчка, сталіцы, а яшчэ разбураны мост, які павінен быў звязваць хутар з вялікім светам людства.
І Пятрок, і Сцепаніда Багацькі, і Янка Ганчарык, нямы пастушок з Выселак, і іншыя персанажы аповесці не выходзяць за межы традыцыйнага сялянска-беларускага светапогляду. Змэнчаныя цяжкай працай на неўрадлівай камяніцы, якая тым не менш пасля ранейшага беззямелля і вечнага парабчанства здаецца героям твора "зямлёй абяцанай", яны не чакаюць ад жыцця і ад улады, таго ж мясцовага сельсавета і праўлення калгаса, палёгкі і з хрысціянска-сялянскай цярплівасцю прымаюць наканаванае.
Васіль Быкаў з раней нязвыклай для яго стараннасцю, з нейкім асаблівым замілаваннем апісвае падрабязнасці няхітрага вяскова-хутаранскага побыту. Суровая яго муза і строгі, стрыманы і лапідарны стыль на гэты раз дазваляюць празаіку ўжываць словы з памяншальна-ласкальнымі суфіксамі: "хатачка", "зямелька", "бульбачка" і г. д. Ранейшы яго катэгарычны маральны імператыў, які быў своеасаблівым эталонам гераічных паводзінаў і ўчынкаў чалавека ў экзістэнцыяльнай сітуацыі выбару, відавочна змяняецца на кодэкс маральных правілаў, што змяшчае ў сабе элементы ліберальных адносінаў да чалавека, у якога гэтага выбару няма і любы варыянт паводзінаў вядзе да смерці, а яго пакрокавыя саступкі злу выклікаюць адно толькі большую раз'юшанасць.
Пісьменнік стварае вобразы людзей, сваіх папярэднікаў, бацькоў і дзядоў, у адносінах да якіх у яго душы жыве нязбытае пачуццё віны і сыноўскага абавязку. Здаецца, сама доля насмяялася з сям'і тых жа Багацькаў, надаўшы такое прозвішча з ужо знаёмым чытачу памяншальным суфіксам і паманіўшы магчымасцю "вольнай працы на вольнай зямлі".
Так адгукнулася ў творчасці Васіля Быкава тое, што адбывалася ў беларускай літаратуры 60–80-х гадоў, найперш у вясковай і ваеннай прозе. На месца былога аўтабіяграфізму і ўсёахопнага лірызму, уласцівага творам перыяду адлігі, прыйшлі эпічнасць і драматызм, а з імі разам у літаратуру вярнуўся народны погляд на падзеі, які так глыбока і паўнацэнна ўмелі выяўляць у часы "нашаніўства" і "ўзвышэнства" класікі беларускай паэзіі, прозы і драматургіі.
У "Знаку бяды" навідавоку мастацкі сінтэз вядучых у беларускай прозе ідэйна-эстэтычных і вобразна-стылявых пачаткаў, што выразна сведчыла аб зменах у мастацкім светапоглядзе Васіля Быкава. На фоне грандыёзнай, шэкспіраўскага маштабу, драмы, якая разыгралася на хутары Яхімоўшчына, усё, нават самае дробязнае, напаўняецца пад пяром геніяльнага пісьменніка надзвычайным сэнсам. А за некаторымі падрабязнасцямі ціхага, непрыкметнага існавання на хутары Яхімоўшчына адкрываецца далячынь біблейскай і евангельскай гісторыі: дубовы крыж на ўзгорку, празваны вяскоўцамі дасціпна і іранічна Галгофай; пагібель сялянскага роду, "гнязда" беларускага этнасу...
У жыццё Петрака і Сцепаніды Багацькаў, у характары і лёсе якіх шмат агульнага з характарамі і лёсамі літаратурных папярэднікаў (коласаўскага Міхала, чорнаўскага Леапольда Гушкі і Максіма Астаповіча, мележаўскага Васіля Дзятла), умешваецца выпадак і, як сам Лёс у старагрэчаскіх трагедыях, руйнуе незайздросны сямейны дабрабыт. Шэраг неўраджайных гадоў, змушаны ад'езд "у вялікі свет" дзяцей, Федзькі і Фені, ад якіх ні весткі, ні чуткі (сына, "мабыць, няма ўжо жывога – такая вайна і столькі пагінула войска!", дачка – "з вясны ад дзеўкі не было ніякае весткі, як паехала ў Мінск, дык і знікла зусім"), страта недалэнгі-коніка, адзінай апоры ў гаспадарцы, шматлікія дробныя няўдачы – бяда за бядою, як у біблійнага Іова, звальваюцца на цярплівага працаўніка і няўдачлівага гаротніка-лузера Петрака і яго жонку Сцепаніду, якая, у адрозненне ад мужа, яшчэ спрабуе неяк супрацьдзейнічаць навале. За знаёмымі з літаратурнай класікі аксесуарамі вясковага і хутарскога побыту, за гаспадарчымі клопатамі рахманага мужыка-беларуса Быкаў адкрывае свет вялікіх страсцей, вартых, на яго думку, шэкспіраўскага пяра.
Ідэалагічная тэмпература пачуццяў і думак герояў Быкава дасягае крытычнай адзнакі, і ўрэшце кожная падзея на хутары (пагібель жаўранка, гвалтоўная смерць старога Яхімоўскага, яго пракляцце: "Цёнгле быў грэх квапіцца на чужое. На чужым і дармовым шчэнсця не бэндзе. Мне шкада вас", уступленне ў калгас, адбудова моста) успрымаецца ў глабальным маштабе супрацьстаяння Дабра і Ліха. Пятрок і Сцепаніда Багацькі, мудрыя вопытам продкаў, навучаныя на ўласным горкім вопыце, за вонкавым звыкла шукаюць глыбіннае, да пары стоенае за заслонай невядомасці. У духоўным космасе беларускай вёскі як складанай і цэласнай сістэмы нельга закрануць бяздумна ніводнага звяна, каб на гэта не адгукнулася званочкам, які напамінаў бы пра небяспеку жыцця.
Калі ў спіс раскулачаных трапляюць беднякі, якія чымсьці не дагадзілі ўладзе, першай не вытрымлівае і пратэстуе Сцепаніда: "А справядлівасць не трэба? Калі ўжо да беднякоў дайшло! Дык хіба справядліва? Вы, разумныя людзі, хіба вы не бачыце! Але ж спытайцеся ў мужыкоў... У якога цёмнага дзеда спытайцеся, ён скажа вам: так жа нельга! Нельга, каб свае – сваіх!" Праўда, Сцепанідзе робіцца не па сабе, калі чуе ўласныя думкі з вуснаў другіх людзей, хоць і сказаныя другімі словамі. Калі пра тое ж самае гаворыць заможны і прыжымісты Карніла, які і ржавую драціну падбярэ, бо можа спатрэбіцца ў гаспадарцы: "А я табе скажу: горай за суседзяў нікога няма. Ніхто табе столькі шкоды не ўчыніць, як твой сусед... Няўдака! Такі не тады рады будзе, калі сам каня купіць, а калі ў суседа конь здохне. Праўда! Знаю я такіх суседзяў!"
Многае ў паводзінах герояў твора залежыць ад грамадскіх умоў і агульнай маральнай атмасферы ў краіне і ў свеце, і ў гэтым Быкаў салідарызуецца з літаратурнай традыцыяй еўрапейскіх рэалістаў, якія з кнігі ў кнігу пераносілі і паглыблялі думку пра "тыповыя характары ў тыповых абставінах" (Фрыдрых Энгельс). Не было б гвалтоўнай калектывізацыі ў беларускай вёсцы, не было б і даносчыка-"селькора" Каландзёнка, не ўзненавідзеў бы ўвесь свет сын "кулака" Гуж, не застрэліўся б Васіль Ганчарык, які свята верыў савецкай уладзе, а яна прымусіла яго адпраўляць у Сібір сям'ю каханай дзяўчыны Анюты, не анямеў бы ад перажытага шоку яго малодшы брат Яначка...
І вайна з немцамі, якая як само наканаванне насцігла Багацькаў, зруйнавала іх сямейнае гняздо, была б хутчэй за ўсё іншай, не такой жорсткай і стратнай, калі б перад вайною ў краіне ўсё рабілася з думкай пра чалавека, з любоўю і даверам да кожнага асобна. Не было б супрацьстаяння дзвюх частак народа, калі большасць стварыла краіну-партызанку, а меншасць – паліцыю.
Філасофскі роздум пра сувязь усяго з усім неадступна вяртае Багацькаў, кожнага па-свойму, да запозненага жадання "перапісаць былое": "Каб гэта было дадзена чалавеку – хоць трошачкі зазірнуць наперад, угледзець наканаванае яму, але схаванае за пластамі часу, тое, што з усёй відавочнасцю адкрываецца ў наплыве наступных дзён! Дык дзе там! Нічога не можа чалавек уведаць з свайго будучага і, бывае, радуецца з таго, што неўзабаве зробіцца прычынай гора, а то і плача над тым, што пасля выклікае хіба што усмешку".
Жыццё, якое шпарка змяняе гістарычнае рэчышча, прымушае герояў аповесці нязвыкла шмат разважаць, успамінаць, аналізаваць і рабіць належныя высновы, якія часта выказваюцца ў форме філасофскіх сентэнцый і афарызмаў. Быкаў з асаблівай павагай збірае крупінкі народнай мудрасці, таму што выразна ўсведамляе надзвычайную каштоўнасць яе ў век грозных супярэчнасцей і глабальных катаклізмаў. Тым больш што гістарычны вопыт беларусаў, якія першымі ў вайну зведалі тое, чаго астатні цывілізаваны свет і блізка не ведаў, нагадвае людзям, што чакае іх, калі будуць занядбаныя першаасновы жыцця.
У спрадвечнай спрэчцы аб тым, што з'яўляецца вырашальным, чалавек ці абставіны, Васіль Быкаў стаў на бок хрысціянскіх гуманістаў і французскіх экзістэнцыялістаў (вядомае яго захапленне раманам Альбэра Камю "Чума"), якія спадзяваліся на здольнасць чалавека супрацьстаяць ліху і гвалту. Менавіта гэтая здольнасць да духоўнага супраціву ўражвае пісьменніка ў вобразе "мужыка-беларуса", "пана сахі і касы", яскрава намаляваных класікамі, уменне і маўчуна Петрака, і "акцявісткі" Сцепаніды "меркаваць аб вялікім па малым, аб свеце – па сваёй вёсцы", прымаць мужнае рашэнне і не губляць сваёй чалавечай і нацыянальнай годнасці, бо "подласць – справа нягоднікаў", "у каго праўда, таму не патрэбна зброя", "нельга, каб свае сваіх". І Пятрок, і Сцепаніда церпяць да апошняга рубяжа, часам, кіруючыся здаровым розумам мужыка, саступаюць у нечым, аднак у самым галоўным, калі справа датычыцца сумлення і годнасці, становяцца і ўпартымі, і мужнымі, і самаахвярнымі.
Пераасэнсаванне мінулага стала лейтматывам творчасці Васіля Быкава 80–90-х гадоў. У рамане "Кар'ер", у аповесцях "У тумане", "Аблава", "Сцюжа" чытач сутыкаецца з феноменам: "Быкаў супраць Быкава". Празаік, чулы да змен у сусветным "паралелаграме сіл", прыкметна ўдакладняе, а то і радыкальна пераглядае свае ранейшыя погляды на гісторыю беларусаў. У яго творах паменшала "аскетычнага рыгарызму" часоў ідэалагічнага супрацьстаяння сістэмаў і прыкметна пабольшала ўвагі да асобы звычайнага чалавека, якому не пашанцавала нарадзіцца ў нялюдскую эпоху і якога нельга судзіць паводле патрабаванняў "маральнага катэгарычнага імператыву".
Ахвяры лёсу, выпадку, чужой злой волі, быкаўскія героі вартыя адно разумення і спачування. Чыста беларускае пытанне "За што?", знаёмае чытачу з твораў Янкі Купалы і Максіма Гарэцкага, у Васіля Быкава выяўляе не толькі роспач ахвяры, але выклікае шэраг іншых лёсаносных пытанняў, звернутых і да сябе, і да іншых, да сучаснікаў і да нашчадкаў.
Быкаў плённа выкарыстаў магчымасці, што адкрыліся перад літаратурай у новы час. У цыкле навел "Зенітчыца", "Палкаводзец", "Палітрук Каламіец", "Падоранае жыццё", "Кацюша", "Вочная стаўка", "Доўжык", "Кароткая песня" эпізод за эпізодам, падзея за падзеяй узнаўляюцца трагічныя старонкі гісторыі беларусаў на працягу XX стагоддзя. Вобразы герояў, сюжэтныя сітуацыі, ідэі і погляды тут знаёма быкаўскія. Адно, што вылучае малюнкі, сцэны, эпізоды, – гэта трагічны каларыт, які нагадвае пра абсурднасць вайны.
Думка пра бессэнсоўнасць чалавечых намаганняў нешта змяніць у навакольным свеце і ва ўласным лесе гучыць у апавяданнях "Доўжык", "Глухі час начы", "Кароткае жыццё", у аповесці "Пакахай мяне, салдацік". Прэтэнзіі чалавека на разумнае ўладкаванне жыцця выяўляюць свае бяссілле перад прынцыповай неспасцігальнасцю свету, дзе запанавала ў небывалых маштабах зло. Звычайны чалавек можа ўзняцца над сваім лесам толькі тады, калі кардынальна перагледзіць свае ўяўленні аб сэнсе жыцця, якое ўжо само па сабе найвялікшая каштоўнасць, – ісціна, якую Быкаў не стамляецца паўтараць з твора ў твор. "Мабыць, было б несправядліва, – адзначае празаік, – калі б гэтае нямногае бясследна завяла, заглухла, забылася і на тым месцы ў душы святкавала ўрачыстасць разгалістая журавіна пажаданага міфа. Міфы прыемна ўражваюць, але наўрад ці наталяюць. Хутчэй спусташаюць. Для насычэння галоднаму чалавеку ўсё-ткі патрэбен чорны жытнёвы хлеб праўды. Прынамсі, так часам здаецца".
Яшчэ адна іпастась пісьменніка – незнаёмы знаёмец Васіль Быкаў, аўтар трох дзесяткаў "баек жыцця" з філасофска-алегарычным зместам. Аўтар па-рознаму называе гэты жанр: прыпавесць, памфлет, хрэстаматыйная казачка для маленькіх, літаратурныя норавы і інш. Ля вытокаў беларускай інтэлектуальнай прозы знаходзяцца анекдатычныя гісторыі Ядвігіна Ш., "казкі жыцця" Якуба Коласа, "абразкі" Змітрака Бядулі, "скарбы жыцця" Максіма Гарэцкага, эцюды і імпрэсіі Кузьмы Чорнага. Падтэкст гэтых узораў "міні-прозы" насычаны алегорыямі, сімволікай, алюзіямі, рэмінісцэнцыямі. Гэтыя павучальныя гісторыі змешчаны ў зборніках Быкава "Сцяна", "Пахаджане", "Парадоксы жыцця".
Прыпавесць "Музыка", несумненна, працягвае шэраг класічных тэкстаў, прысвечаных тэме песняра і мастацтва. Гэта паэмы Янкі Купалы "Курган", Якуба Коласа "Сымон-музыка", літаратурная казка Максіма Багдановіча "Музыка", аповесць "Салавей" Змітрака Бядулі, апавяданне Максіма Гарэцкага "Страшная музыкава песня", паэма Максіма Танка "Люцыян Таполя", апавяданне Уладзіміра Караткевіча "Скрыпка дрыгвы й верасовых пустэчаў" і інш.
Калі беларускі рух пачатку XX стагоддзя меў сваё апраўданне ("іменна інтэлігенцыя не дала зусім загінуць нацыянальнай культуры, беларускай мове"), то падзеі на памежжы XX і XXI стагоддзяў часцей за ўсё расчароўвалі. Прыпавесць "Музыка" нагадвае нацыянальнай інтэлектуальнай эліце пра яе гістарычную місію. 3 такою ж высакароднаю мэтаю пісаліся прыпавесці "Народныя мсціўцы", "Ваўчыная яма", "Мальбара", "Тры нявымаўленых словы", "Труба", "Галоўны крыгсман", "Хутаранцы", "Апалагетыка "нагана"", "Кошка і мышка", "Маленькая чырвоная кветачка", "Мурашкі", "Інтэграцыя" і інш.
Аповесць "Ваўчыная яма" (1998) напісана В. Быкавым напрыканцы XX стагоддзя, калі ў свеце абвастрыліся апакаліпсічныя настроі і трывожныя эсхаталагічныя чаканні. Беларусы і ў гэтых адносінах апярэдзілі многія народы свету: яны не толькі зведалі на ўласным вопыце, што такое "вялікая перабудова" і жыццё на руінах былой імперыі, але і перажылі і яшчэ доўга будуць перажываць вынікі чарнобыльскай трагедыі. Бомба, аповедам пра якую заканчваецца аповесць "Знак бяды", прычакала свайго часу і выбухнула ў новым творы.
Быкаў не быў бы Быкавым, калі б не задумваўся над гістарычнымі, маральнымі і псіхалагічнымі прычынамі і вынікамі гэтай падзеі, у якой сканцэнтраваўся вялікі сэнсавы патэнцыял для разумення сучасных шляхоў чалавецтва. У выніку быў напісаны твор, у якім усе прыкметы філасофскай прыпавесці: рэчыўна-прадметны паказ жыццёвых рэалій постчарнобыльскага свету, абагульненыя вобразы салдата-дэзертыра, бамжа, жанчыны-самадайкі, наяўнасць маралізатарства і павучальніцтва, схільнасць да мыслення тыпамі і архетыпамі.
Намаляваны вопытным пяром мастака слова агульны ландшафт чарнобыльскай зоны адчужэння, з аднаго боку, нагадвае "зону", вобраз якой створаны Андрэем Таркоўскім у кінафільме "Сталкер", а з другога – бязлюдную прастору вынішчанай і спаленай карнікамі terra incognita, апісанай у рамане "Млечны Шлях" Кузьмы Чорнага. Аднак у В. Быкава гэта – рэальная "зона", якая існуе насамрэч і нагадвае аб сабе ўвесь час так ці інакш.
Галоўным "персанажам" зоны становіцца чарнобыльскі лес, ад якога павявае патойбаковым, інфернальным светам:
"Навакольны баравы лес, як заўжды, замілаванаю радасцю клаўся на яго душу. Хлопцу было ў ім міла і прыемна, і хоць на час прападала гнятлівае пачуццё, што не знікала ніколі. Ён з захапленнем азіраў амаль кожную хвойку і думаў, што, можа, гэта ў ягоных генах адгукаецца далёкая міласць продкаў да лесу? Ці, можа, лесу да продкаў – цяпер як дазнаешся? І раптам наперадзе перад ім раскрыўся вялізны пусты прагал, на якім шырока свіцілася неба; шмат сонечнага святла ляжала таксама ў доле. Салдат падышоў бліжэй – на вялізным, у некалькі гектараў прасцягу стаялі ссохлыя рыжыя хвоі з таксама усохлым рыжым суччам, з якога абсыпалася долу ігліца. Усё выглядала здаля, нібы даўняе вялізнае пагарэлішча. Але прыкмет агню тут не было відаць, ніводная хвоя не абгарэла. Значыць, гэта адтуль, ад Чарнобыля, уражаны, здагадаўся салдат. Мусіць, добра, аднак, сыпанула сюды стронцыем або цэзіем ці яшчэ якой халерай, і лес не стрываў. Толькі некалькі маладых асінак нясмела зелянелі між мёртвых хвой, болей ніякага жыцця тут не было відаць".
Прычыны таго, што здарылася, настолькі наглядныя і вядомыя, што персанажы аповесці, калі і згадваюць пра іх або спрабуюць разважаць, то неяк абыякава-адстаронена як пра нешта такое, што зразумела само сабою. Адным словам, "атамнае пекла". Мяркуючы доўгі час, у маладога салдата ён менш працяглы, у бамжа і жанчыны – крыху большы, што яны на самым піку развіцця чалавечай цывілізацыі і навукова-тэхнічнага прагрэсу, героі быкаўскага твора раптам выявілі, што апынуліся ледзь не ў самым пачатку чалавечай гісторыі. Над усімі іх прыроднымі інстынктамі пануе адно самы элементарны голад, які заглушае ўсякую боязь перад радыяцыяй, усякую агіду да таго, што яны з дня ў дзень ядуць усё тых жа жаб-мутантаў, штораз згадваючы цывілізаваных французаў, a калі з'яўляецца бульба, нацыянальны культавы харч беларусаў, то яны ўжо не могуць яе есці. Зона шпарка забірае ў іх апошняе – прагу жыць.
І салдат, і бомж не баяцца радыяцыі і суцяшаюць сябе згадкамі пра доўгажыхароў ды пра самасёлаў, якія, як дзед Карп, толькі ў зоне нарэшце адчулі сябе свабоднымі, бо там няма ні калгасаў, ні прымусу, ні гвалту. Жыццё пад бокам у ядзерных баз ім справядліва не здаецца больш ціхамірным ці бяспечным. Пра гэта – пра сваю маральную перавагу над тымі, хто застаўся рабамі сістэмы і не здатны развітацца з адносным камфортам, – яны ахвотна і горка разважаюць. Салдат служыў у ракетных войсках, а бомж як былы афіцэр усё жыццё правёў у войсках стратэгічнага назначэння.
Бомж, паслужны спіс якога аўтар досыць грунтоўна пераказвае, у канцы жыцця зразумеў, што марна ахвяраваў свой век войску: магутная тэхніка часта з-за недахопу запчастак і добрых спецыялістаў проста прастойвае, салдаты і афіцэры, абязвераныя і расчараваныя ўбачаным у арміі, банальна співаюцца, растрачваюць свой прафесіяналізм, руйнуюць свае сем'і і апускаюцца на дно. Бамжа не суцяшае і тое, што ў французаў таксама ёсць людзі "без пэўнага месца жыхарства" і што іх там прыгожа велічаюць "клашары". Адзінае суцяшэнне ў яго бязладным жыцці – выпіўка, якой не дастаць у зоне, "хоць бы адзін глыток". Смерць яго жудасная, прынамсі, не такая, якую ён чакаў, – у поўнай адзіноце і безнадзейнасці. "Вось так, нічога ён не паспеў у жыцці – ні для сябе, ні для другіх. Жыццё нядаўна яшчэ здавалася такое нясцерпна доўгае, а апынулася кароценькім, бы заячы хвосцік..."
Салдат "ці не з маленства хацеў пайсці ў армію, з кніжак і кіно яму падабалася ўсё вайсковае – зброя, абмундзіроўка, тэхніка. Ён нават прагнуў абараняць радзіму і пры тым праявіць геройства. Ён радаваўся, як у ваенкамаце яго прызначылі ў ракетныя войскі, і не думаў, што гэтая радасць хутка вылезе яму бокам. Давялося пачарнець ад гора – не радуйся раней часу, дурань. Ён не хацеў жыць брыдка, прагнуў сумлення і чысціні. Атрымалася ўсё наадварот. Дык што ж яму – гінуць цяпер у свае дзевятнаццаць год?"
Смерць салдата, які зведаў, што такое дзедаўшчына, і стаў забойцам і дэзерцірам, была такой жа пакутлівай, як і прадказваў яму бомж: яго скруціла тая ж самая радыяцыя, даканала на самым пачатку яго маладога жыцця.
Хто вінаваты ў тым, што напаткала безыменных герояў аповесці? Гісторыя? Жыццё? Лес? Чаму чалавецтва на найвышэйшым вітку свайго развіцця трапіла ў безвыходны тупік, у "ваўчыную яму"? Асобныя фрагменты разваг пісьменніка і яго герояў на гэту тэму рассыпаны там і тут у аповесці. Маральныя ўрокі гісторыі, на жаль, самі па сабе нікога нічаму не вучаць.
Салдату ў апошняе імгненне хацелася камусьці крыкнуць пра тое, што ён зведаў у апошнія месяцы свайго блукання, але нікога навокал не было. Нявыказанае пытанне засталося без адказу: "Нашто ж усё так атрымалася, чаму?.. Хто загубіў ягонае жыццё? І чаму? А можа, гэтак з самага пачатку наканавана лесам? Тады ён не вінаваты. Сам ён ужо бяссільны што-небудзь у ім змяніць... Значыць, ён так і не дапяў да выратоўчага броду, не выбраўся з гібельнай ямы?"
За салдата, як і за многіх з нас, адказаў пісьменнік Васіль Быкаў. Так, гісторыя сапраўды мала чаму вучыць, і людзі паўтараюць ранейшыя памылкі. Але людзі ніколі не згодзяцца з тымі, хто ўсур'ёз прастарэкуе пра "канец гісторыі", пра "канец зямной цывілізацыі", і будуць усё пачынаць нанова.
Васіль Быкаў ужо ў Вялікім Часе. Яго мастацкім адкрыццём сталася адкрыццё часу ў яго шматлікіх варыянтах, сцвярджэнне яго велізарных магчымасцей, якіх да Быкава не ведала сусветная літаратура. Гэта паняцце аб яго незваротнасці і аб страчаных назаўжды магчымасцях, аб чым беларусы ведаюць лепш, чым хто на свеце. Гэта паняцце выбару, звужанага да дылемы: быць альбо не быць – нацыі, мове, самому жыццю. Гэта паняцце абсурду, калі знікае наіўная спадзяванка на шчаслівы збег акалічнасцей і як багадаць з'яўляецца пачуццё рэальнасці. Калі глыбее разуменне сваёй здольнасці адольваць хаос і мацнее адчуванне велічы чалавечага духу.
Міхась Тычына
Камэнтары
Калі будзе?
Калі будзе?