![]() |
13.99 р.
Вага: 780 г
Памеры: 165x240 мм
|
Сацыяльная тапаграфія і маёмасныя адносіны ў 16 – 18 ст.. – Гародня-Wrocław, 2008. – 384 c. : іл. – (Гарадзенская бібліятэка). Цвёрдая вокладка.
ISBN 978-83-89185-68-6
Манаграфі Юрыя Гардзеева – першая ў Беларусі праца, прысвечаная сацыятапаграфіі горада. Выбраны для даследавання перыяд 16 – 18 ст. надзвычай важны ў гісторыі Гародні. Сённяшняя планіровачная структура гістарычнай часткі горада сфармавалася менавіта ў гэты час. Да таго ж, тапаграфія Гародні адлюстравала ў сабе змену цывілізацыйнай арыентацыі Беларусі – пераход ад візантыйскай да заходнееўрапейскай традыцыі.
ЗМЕСТ
Аляксандар Краўцэвіч. Еўрапейская гісторыя еўрапейскага горада
Прадмова
РАЗДЗЕЛ 1. ПЛАНІРОЎКА І ЗАБУДОВА ГОРАДА
Планіроўка
Забудова
Праблемы гарадскога добраўпарадкавання
Культавыя аб'екты
РАЗДЗЕЛ 2. САЦЫЯЛЬНАЯ ТАПАГРАФІЯ ГАРАДЗЕНСКІХ ВУЛІЦ І ПЛОШЧАЎ
Характарыстыка пляца
Правабярэжны горад
Занёманскае прадмесце
РАЗДЗЕЛ 3. САСЛОЎНЫЯ ДЫ МАЁМАСНЫЯ АДНОСІНЫ
Шляхецкія сядзібы
Уладанні духавенства, каралеўскага скарбу, лібертацыі і юрыдыкі
Структура ўладальнікаў нерухомай маёмасці
Сацыяльныя і прафесійныя групы ў тапаграфіі горада
РАЗДЗЕЛ 4. САЦЫЯЛЬНАЯ СТРАТЫГРАФІЯ І ПРАФЕСІЙНАЯ СТРУКТУРА
Гарадская абшчына
Прафесійная структура
Слова на заканчэнне
РАЗДЗЕЛ 5. ДАДАТКІ
Табліцы
Слоўнік тэрмінаў
Скарачэнні
Ілюстрацыі
Крыніцы
Паказальнік імёнаў
Юры Гардзееў – гісторык, доктар гістарычных навук, ад’юнкт Інстытута Расіі і Усходняй Еўропы Ягелонскага універсітэта (Кракаў, Польшча). Нарадзіўся ў Гародні 2 ліпеня 1967 г. У 1991 г. скончыў гістфак Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Тэма дыпломнай працы: "Развіццё планіроўкі і архітэктуры Гародні ў XVIII ст.". У 1988 – 1992 гг. працаваў мастацтвазнаўцам у гарадзенскіх майстэрнях інстытута "Белспецпраектрэстаўрацыя". У 1993 – 1995 гг. – выкладчык кафедры беларускай культуры ГрДУ. У 1996 – 1999 – аспірант Педагагічнай акадэміі ў Кракаве (Польшча). У 2000 г. тамсама абараніў дысертацыю: "Гародня ў XVIII ст. Даследванні над асваеннем гарадской прасторы, адносінамі ўласнасці і гарадскім насельніцтвам" ("Grodno w XVIII stuleciu. Studia nad zasiedleniem, stosunkami własnościowymi i mieszkańcami miast") і атрымаў навуковы тытул доктара гуманітарных навук. З 2001 г. працуе ў Навуковай бібліятэцы Польскай Акадэміі Мастацтваў і Польскай Акадэміі Навук у Кракаве. Галоўныя накірункі даследаванняў: гісторыя беларускіх гарадоў, сацыяльна-эканамічная ды культурная гісторыя Гародні, рэформы мясцовага самакіравання ў ВКЛ ў другой палове XVIII ст.
Горад, які немагчыма не любіць
Гэты горад немагчыма не любіць. Яго мілуюць і самі шляхетныя гарадзенцы і добрыя госці. Ён ніколі не быў афіцыйнай сталіцай, але, як і Наваградак, па праву лічыцца каралеўскім горадам Беларусі. У сярэднявеччы вялікія князі і каралі імкнуліся сюды, на высокі бераг магутнага Нёмана, у горад, аточаны бясконцымі пушчамі, дзе ладзіліся небывала багатыя паляванні. Тут паўсталі ажно два каралеўскія замкі. Стары – на Замкавай гары – меў шмат выбітных уладароў: Усеваладка, якому ў жонкі аддаў сваю дачку-прыгажуню сам Уладзімір Манамах з Кіева, князя Давыда, славутага ваяра, які здолеў цягам чвэрці стагоддзя паспяхова бараніць вольнасць гэтага краю ад крыжацкай навалы, славутага пераможцу Грунвальда Вітаўта Вялікага, які пачынаў свой бліскучы жыццёвы шлях як "Rex Grodnensis" (князь гарадзенскі), караля Стэфана Баторыя, які так палюбіў Гародню, што загадаў пабудаваць тут сабе рэнесансны замак і маўзалей – новы мураваны фарны касцёл, бо горад мілы быў яму "не толькі для часовага побыту, але і для спачынку вечнага".
Каралеўскі палац, які часцей мянуюць Новым замкам, цэлае стагоддзе прымаў паслоў Сейму Рэчы Паспалітай. Тут адбылося і сумнавядомае "Нямое паседжанне", дзе дэпутаты тагачаснага парламента ўпартым маўчаннем пратэставалі супраць ліквідацыі іх дзяржавы – Рэчы Паспалітай. У гэтым палацы правёў апошнія месяцы на сваёй роднай зямлі перад ссылкай у Пецярбург кароль-асветнік Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, "філосаф на троне", як назваў яго Жан-Жак Русо.
У дзень святога Бенедыкта ў 1496 годзе вялікі князь Аляксандр з Ягайлавічаў падпісаў акт аб наданні Гародні Магдэбургскага права з дазволам пабудаваць "Ратушу з Гадзіннікам".
Пасля гэтай падзеі цэнтрам гарадскога жыцця канчаткова становіцца Рынак з Ратушай. Адсюль у чатыры бакі разыходзіліся галоўныя шляхі – Віленскі і Смаленскі тракты, вуліцы Замкавая і Маставая. Дзякуючы самакіраванню, Гародня імкліва развівалася, канчаткова сфарміравалася сетка старадаўніх вуліц і плошчаў, а панарама горада ўяўляла сабой стракатае павуцінне мяшчанскіх камяніц ды фахверкавых пабудоў, шляхецкіх дворыкаў, магнацкіх палацаў ды велічных барочных касцёлаў.
Напрыканцы XVI стагоддзя горад ужо залічваюць да найбольш адметных у Еўропе. Гравюра з яго выявай упрыгожвала тагачасныя сусветныя энцыклапедыі.
І сёння Гародня, нягледзячы на ваенныя знішчэнні і разбурэнні ўладных герастратаў, захоўвае свой непаўторны твар, дух старасвецкай даўніны і годнасць культурнай сталіцы Беларусі. Краніце маёлікавыя крыжы ўнікальнай Каложы, наведайце барочныя касцёлы, Вялікую сінагогу, кірху. Пашпацыруйце па Гарадніцы, па старых вулках, якія чулі крокі Тадэвуша Касцюшкі, Кастуся Каліноўскага і святога Казіміра. Яшчэ раз перачытайце гарадзенскіх майстроў мастацкага слова Васіля Быкава, Элізу Ажэшка, Максіма Багдановіча, Лейбу Найдуса і Аляксея Карпюка. Прыслухайцеся да бою вежавага гадзінніка Фары, што раней на Ратушы, а сёння на касцёле быццам неўміручае сэрца Гародні адмервае ўжо палову тысячагоддзя Вечны Час. І вы адчуеце вялікі гонар за гэты горад, за слаўных і невядомых продкаў, якія жыццём сваім пісалі мужную, прыгожую гісторыю Гародні, і пакінулі нам у спадчыну пачуцце годнасці і адказнасці.
Падрабязьней пра аўтара тут.
Падрабязьней пра кнігу "Магдэбургская Гародня" тут.