![]() |
3.99 р.
Вага: 290 г
Памеры: 145x205 мм
|
Альманах лакальнай гісторыі. Выпуск 7 (2013).. Пад рэдакцыяй А. Ф. Смаленчука. — Гродна : Гарадзенская бібліятэка, 2013. — 166 с. : іл.
Чарговы выпуск альманаха, прысвечаны 150-годдзю вызвольнага паўстання 1863 г. Большасць матэрыялаў звязаныя менавіта з гэтай падзеяй у гісторыі горада.
Апроч таго традыцыйна разглядаюцца малавядомыя старонкі гісторыі Гродна і гістарычнай палітыцы. Разлічаны на шырокае кола чытачоў.
Рэдкалегія:
Алесь Смалянчук , доктар гіст. навук (Гродна) – рэдактар;
Алесь Краўцэвіч, доктар гіст. навук (Гродна),
Андрэй Чарнякевіч, кандыдат гіст. навук (Гродна),
Ян Ежы Мілеўскі, PhD (Беласток),
Рімантас Мікніс, PhD (Вільня).
ЗМЕСТ
Прадмова (Алесь Смалянчук)
РЭКАНСТРУКЦЫЯ І ПАМЯЦЬ
Ігар Лапеха (Гродна). Як выглядала Фара Вітаўта?
Ігар Лапеха (Гродна). Старая гродзенская ратуша (XVI – XVII стст.): да праблемы рэканструкцыі знешняга выгляду
Успаміны пра стары Гродна (запіс успамінаў і падрыхтоўка да друку Андрэя Вашкевіча, Таццяны Касатай, Таццяны Казак)
МІНУЛАЕ Ў АДЛЮСТРАВАННІ ЗАМЕЖНЫХ ПАДАРОЖНІКАЎ І ДАСЛЕДЧЫКАЎ
Фартэск’ю Андэрсан (Лондан). У гродзенскай турме. Верасень 1863 г.
(пераклад з англійскай мовы Дар’і Фядотавай)
Каложская царква ў апісаннях барона Жозэфа дэ Бая (1905 г.)
(пераклад з французскай мовы Вольгі Лагвіненкі, падрыхтоўка да друку Алеся Смаленчука)
Фелікс Акерман (Вільня-Берлін). Адна на ўсіх? Спадчына Элізы Ажэшкі ў Гародні ХХ ст.
(пераклад з нямецкай мовы Вольгі Сабалеўскай)
СТАРОНКІ ГІСТОРЫІ МЯЦЕЖНАГА ГОРАДА
Алесь Радзюк (Гродна). Смяротныя пакаранні ў Горадні ў 1863 – 1864 г.
Аляксей Кайрыс (Гродна). Злавіць Каліноўскага...
Фёдор Игнатович (Гродно). Аптека провизора Ивана Адамовича и восстание 1863 г.
У ДАПАМОГУ НАСТАЎНІКУ
Шляхамі паўстанцаў 1863-1864 гг. (Алесь Крой, Іван Буднік, Уладзімір Хільмановіч)
Вячаслаў Швед (Гродна). Гродзенскія адрасы паўстанцаў 1863 – 1864 гг.
РЭЦЭНЗІЯ
Барыс Клейн (Бостан). Вольность города (по страницам книги Гродназнаўства. Гісторыя еўрапейскага горада / Карнялюк В., Швед В. (рэд). – Гародня-Wrocław, 2012)
Прадмова
Чарговы выпуск нашага зборніка прысвечаны падзеям паўстання 1863 г. Вызвольны чын «За вольнасць нашу і вашу», які адбыўся 150 гадоў таму, і сёння застаецца арыентырам для многіх гарадзенцаў.
Горад Святога Губерта – гэта горад свабодных людзей, якія заўсёды ганарыліся Каліноўскім і Урублеўскім, Траўгутам і Серакоўскім. Яны пагарджалі тымі, хто прамяняў уласны гонар на пасаду лёкая ды ласку чарговага «начальніка» і шанавалі суайчыннікаў, для якіх словы «Вольнасць» і «Айчына» спалучаліся з сэнсам уласнага жыцця.
Чытач атрымае магчымасць даведацца пра тое, як расейскія ўлады лавілі Каліноўскага (А.Кайрыс), прайсці апошнім шляхам разам з паўстанцамі, якіх каралі смерцю ў Горадні (А.Радзюк), наведаць гарадзенскія адрасы паўстання (В.Швед, Ф.Ігнатовіч, А.Крой, І.Буднік), разам з англійскім святаром Фартэск’ю Андэрсанам правесці некалькі дзён у гарадзенскай турме ў верасні 1863 г.
Апроч таго на старонках зборніка можна пазнаёміцца з варыянтамі рэканструкцыі Старой гарадзенскай Ратушы і «Фары Вітаўта» (І.Лапеха), прачытаць апісанне Каложскай царквы, зробленае французскім даследчыкам баронам Жозэфам дэ Бае ў 1905 г., задумацца разам з нямецкім гісторыкам Феліксам Акерманам пра ролю Элізы Ажэшкі ў памяці нашага горада і перанесціся ў міжваенную і ваенную Горадню, дзякуючы запісаным вусным успамінам гарадзенцаў.
...Чытаючы старонкі кнігі Ф. Андэрсана пра Горадню ўвосень 1863 г., пра ягоныя кантакты з мясцовым чынавенствам, якія ледзьве не закончыліся для настаўніка ангельскай мовы ў сям’і Аляксандра Біспінга «падарожжам» у Сібір, нявольна адчуваеш пэўную пераклічку эпохаў. Інтрыгі і падман чыноўнікаў, іхні страх перад чалавекам, які не хавае сваіх думак, лёкайства перад начальнікам – усё гэта вельмі знаёмае таксама гарадзенцу ХХІ стагодзя. Можа ў Горадні спыніўся час?
Але ж не! Можна прыгадаць канец 80-х – пачатак 90-х гг., калі панаваў дух разняволення. Знік страх, адрадзілася цікавасць да ўласнай мінуўшчыны і беларускай культуры. Шанавалі навукоўцаў і сярод іх гісторыкаў, бо, нарэшце, прыйшло разуменне, што калі мы без гісторыі, то і Гісторыя без нас!..
...У 1863 г. гарадзенскія чыноўнікі і вайскоўцы, якім вельмі хацелася асудзіць англійскага святара за тое, што нібыта «ўзбройваў паўстанцаў», падманвалі яго, бо саромеліся ўласных гнюсных учынкаў. Сёння пачуццё сораму паступова памірае. Гэта, хіба, адзін з найбольш важкіх вынікаў сучаснай «стабільнасці». Але на шчасце для горада і краіны гэта не стала агульным законам жыцця.
Менскія калегі пры сустрэчы рэгулярна задаюць пытанні: «Што ў вас у Горадні адбываецца? Адкуль такая нянавісць адміністрацыі да інтэлігенцыі?» На самой справе нічога асаблівага не адбываецца. Ідзе звычайнае жыццё, якое зноў робіць актуальным лозунг «За вольнасць нашу і вашу!»
Алесь Смалянчук