![]() |
3.99 р.
Вага: 2400 г
Памеры: 225x295 мм
|
Мінск : Беларуская энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2005. – 640с. Цьвёрдая вокладка
ISBN 985-11-0323-3
Кніга "I паўстаў народ..." – гэта выданне падпольных і партызанскіх газет, часопісаў, плакатаў, лістовак перыяду Вялікай Айчыннай вайны 1941 – 1945 гадоў, якія зберагліся ў адзінкавых экзэмплярах, захоўваюцца ў дзяржаўных музеях і цэнтральных навуковых бібліятэках краіны і амаль невядомы шырокаму чытачу.
Выданне будзе карысным для даследчыкаў, выкладчыкаў вышэйшых і сярэдніх навучальных устаноў, студэнтаў, навучэнцаў – увогуле для ўсіх, хто цікавіцца гісторыяй сваёй краіны.
Грозная зброя праўды
У летапіс Вялікай Айчыннай вайны беларускі народ уклаў яркія і велічныя старонкі мужнай і гераічнай барацьбы супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У тыя віхурныя гады воіны, партызаны і насельніцтва гарадоў і вёсак зліліся ў несакрушальны, неадольны для ворага маналіт, у падмурку якога былі вядомыя шырока прароцкія словы, што прагучалі з Масквы ўлетку сорак першага года: "Наше дело правое. Враг будет разбит. Победа будет за нами".
Глыбінную сутнасць гэтых слоў сцвярджала не толькі зброя ў руках абаронцаў свае Бацькаўшчыны. Наўпярок сакраментальнаму выслоўю пра маўклівасць музаў, калі грымяць гарматы, упобачкі са снарадам і куляй, гранатай і штыком змагалася з ворагам і грозная зброя праўды – друкаванае слова партызанскіх і падпольных газет, лістовак, часопісаў, набатная песня прафесійнага кампазітара і песня самадзейная, што нараджалася каля ляснога партызанскага вогнішча, палымяныя вершы народнага паэта і рыфмаваныя радкі пачаткоўца, едкія байкі вопытнага байкапісца і вясёлыя пагудкі атраднага жартаўніка, высокага густу пародыі майстра і з’едлівыя салдацкія анекдоты... Усё гэта месцілася на старонках друкаваных падпольных і партызанскіх выданняў.
У гэтай кнізе, дарагі чытач, сабрана толькі невялікая частка з незвычайна багатай друкаванай спадчыны таго грымлівага часу, якая і зараз на архіўных паліцах захоўвае нягасную веру, высокі духоўны агонь сэрцаў змагароў за волю свайго роднага краю, нязломны гарт душы мужных патрыётаў, якія не сталі перад ворагам на калені і, ахвяруючы сабой, уратавалі Радзіму ад рабства.