![]() |
1.67 р.
Вага: 600 г
Памеры: 130x200 мм
|
Евангелле ад Іуды / Раман. Для ст. шк. узросту. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2007. – 589 с. – (Бібліятэка школьніка). Цвёрдая вокладка.
ISBN 978-985-02-0875-0
Гэта твор пра сярэдневякоўе, пра тыя змрочныя часы, калі наш народ знаходзіўся пад прыгнётам царквы і феадалаў.
З каментарыяў да кнігі:
Раман "Хрыстос прызямліўся ў Гародні" прысвечаны падзеям беларускай гісторыі XVI стагоддзя. Яму папярэднічаў кінасцэнарый "Хрыстос прызямліўся ў Гародні", які быў закончаны 31 сакавіка 1965 года. Сам пісьменнік у аўтабіяграфіі "Дарога, якую прайшоў", напісанай у снежні 1964 года і змешчанай у кнізе аўтабіяграфіяў беларускіх пісьменнікаў "Пра час і пра сябе" (Мн.: Беларусь, 1966), пісаў пра гэты твор: "Гэта гісторыя бадзягі, які воляй лёсу быў названы Хрыстом, вымушаны быў рабіць "цуды" і, урэшце, узначаліў паўстанне супраць царквы і караля. Такі сапраўдны факт адзначаны ў старажытных беларускіх хроніках.
Гэта будзе не камедыя і не трагедыя, а трагікамедыя, смех праз слёзы, народная драма, калі хочаце. Героі яе перажываюць самыя незвычайныя прыгоды, сутыкненні, сустракаюцца з жорсткасцю і дабрынёй, подласцю і сапраўднай высакароднасцю і паступова з махляроў, круцялёў, бадзяг ператвараюцца ў сапраўдных людзей".
Штуршком да напісання рамана паслужыў запіс з "Хронікі..." Мацея Стрыйкоўскага. Аднак запіс толькі ўзбудзіў думку пісьменніка для стварэння гісторыі прыгод і вандраванняў Юрася Братчыка, названага Хрыстом, для паказу падзей беларускага Сярэднявечча.
Выкарыстоўваючы матэрыялы хронікаў і летапісаў, біблейскія тэксты, вытрымкі з мастацкіх твораў і народныя выслоўі, звяртаючыся да алегорыі, умоўнай вобразнасці, іроніі, сатыры і гумару, пісьменнік арыгінальна глянуў на падзеі гістарычнай даўнасці, напоўніў прыгодніцкі сюжэт сацыяльна-філасофскім і псіхалагічным зместам.
"Хрыстос прызямліўся ў Гародні" – своеасаблівая мастацкая энцыклапедыя народнага жыцця Беларусі XVI стагоддзя. Гэта трагічная і адначасова надзіва жыццесцвярджальная кніга.
Юрась Братчык увасабляе вобраз сярэдневяковага чалавека, актыўнага, неспакойнага, вясёлага, гарэзлівага і свабодалюбівага, які вызваляўся з путаў царкоўных догмаў і засвойваў лепшыя ідэйна-эстэтычныя і духоўныя набыткі, што неслі з сабой новыя часы. Галоўны герой з махляра і валацугі паступова ператвараецца ў мысліцеля, пакутніка, праўдашукальніка, змагара і народнага абаронцу.
Уладзіміра Караткевіча прывабіла рэнесансная паўната жыцця. Нягледзячы на ўсе нягоды, Юрась Братчык застаецца аптымістам. Ён здзекуецца з усяго коснага і аджываючага, жыве, як і яго народ, багатым і паўнакроўным жыццём.
Раман "Хрыстос прызямліўся ў Гародні" займае адметнае месца ў беларускай літаратуры. Калі ж знаходзіць яму аналогіі ў сусветнай літаратуры, то па ідэйна мастацкіх асаблівасцях яго можна суаднесці з "Гарганцюа і Пантагруэлем" Ф. Рабле, "Легендай пра Уленшпігеля" Ш. дэ Кастэра, "Кала Бруньёнам" Р. Ралана, "Майстрам і Маргарытай" М. Булгакава. Уладзімір Караткевіч пераканаўча паказаў, што і на беларускай нацыянальнай глебе ёсць постаць тыпу Ціля Уленшпігеля. Юрась Братчык з'яўляецца яго духоўным братам, ён увасабляе дух Беларусі, нязломны і непераможны народны характар.
А. Л. Верабей
Артыкул Сяргея Астраўца "Праз гарадзенскія акуляры. Хрыстос прызямліўся ў Гародні..." можна прачытаць тут.
Сайт, прысвечаны Уладзіміру Караткевічу: Быў. Ёсць. Буду..
Пра аўтара ў Вікіпэдыі і раман "Хрыстос прызямліўся ў Гародні" ў Вікіпедыі.