![]() |
26.99 р.
Вага: 1540 г
Памеры: 210x270 мм
|
Энцыклапедыя. – Мінск : Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2011. – 608 с.: іл. Цьвёрдая вокладка.
ISBN 978-985-11-0584-3
«Максім Багдановіч» – персанальная энцыклапедыя, якая асвятляе жыццё і творчасць класіка беларускай літаратуры. У ёй змешчаны артыкулы, прысвечаныя лірычным творам паэта, перакладам, крытыцы, публіцыстыцы, паасобным жанрам, вобразам, артыкулы пра яго эстэтычныя погляды, сувязі з фальклорам і літаратурамі замежных краін, пра ўвасабленне багдановічаўскай тэмы ў выяўленчым мастацтве, музыцы, тэатры, кіно.
Да чытача
Прыцягальнае слова класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча (1891–1917) больш за два дзесяцігоддзі таму паклікала да жыцця значную для беларускай культуры ініцыятыву: стварэнне і выданне энцыклапедыі паэта.
Падобны вопыт у інфармацыйна-культурнай прасторы былога Савецкага Саюза ўжо быў назапашаны дзякуючы энцыклапедычнаму даведніку «Янка Купала» (1986), ды і яго папярэдніца Лермантаўская энцыклапедыя (1981) давала на той час узор аб’яднанай працы літаратуразнаўцаў, мастацтвазнаўцаў, архівістаў, спецыялістаў музейнай справы і г.д.
У 1986 па ініцыятыве загадчыка рэдакцыі мовы, літаратуры і фальклору БелСЭ імя Петруся Броўкі І. У. Саламевіча, для навукоўцаў і шырокага кола грамадскасці вядомага па публікацыях як Янка Саламевіч, пачалася праца над будучай энцыклапедыяй «Максім Багдановіч». Даследчыкам быў складзены слоўнік, запрошаны да супрацоўніцтва вядучыя багдановічазнаўцы.
Пачын І.У.Саламевіча насіў прыватны характар, не быў аформлены арганізацыйна і падмацаваны фінансава, апроч таго існаваў яшчэ шэраг неспрыяльных абставін аб’ектыўнага характару. Таму ў пачатку 1990-х гг. праца над энцыклапедыяй была спынена, а падрыхтаваныя артыкулы ляглі ў архіў выдавецтва.
Толькі ў 2008 па ініцыятыве навукоўцаў НАН Беларусі, супрацоўнікаў Літаратурнага музея М. Багдановіча, Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, выкладчыкаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта справу ўдалося аднавіць. Нарада ініцыятыўнай групы прайшла 9.4.2008 у музеі паэта. На грамадскіх пачатках навуковым рэдактарам будучага выдання быў абраны былы дырэктар Літаратурнага музея М. Багдановіча, кандыдат філалагічных навук, дацэнт БДУ М. В. Трус. Быў вызначаны бліжэйшы план дзеянняў, канстатавалася неабходнасць перагляду і дапрацоўкі раней сабраных матэрыялаў. 3 улікам новых рэалій часу, стану гуманітарнай навукі, дасягненняў у галіне багдановічазнаўства быў удакладнены слоўнік, падрыхтаваны Саламевічам.
Для рэдакцыйнай калегіі, аўтарскага, рэдактарскага калектываў стала відавочна, наколькі перапынак у працы над выданнем аб’ектыўна паспрыяў назапашванню фактаграфічнай базы. За кароткі па гістарычных маштабах перыяд у нацыянальную культуру былі вернуты імёны выдатных асоб, якія былі знаёмы з Максімам Багдановічам і паспрыялі папулярызацыі і навуковаму асэнсаванню яго творчасці (I. і А. Луцкевічы, В. Ластоўскі і інш.).
Адкрытасць архіваў, актыўны міжкультурны дыялог, далучэнне да культурнага поля краіны беларускай дыяспары адкрылі новыя магчымасці для праўдзівага і поўнага асвятлення ўзаемадачыненняў Максіма Багдановіча з дзеячамі беларускага адраджэння, украінскімі пісьменнікамі пачатку 20 ст., асэнсавання месца класіка беларускай літаратуры ў беларускай, славянскай, заходнееўрапейскай, сусветнай культурнай прасторы, стварэння дэталёвага радаводу паэта.
У працы над энцыклапедыяй сышліся розныя пакаленні даследчыкаў. Навукоўцам, аматарам творчасці Максіма Багдановіча адрасаваны артыкулы вядучых вучоных, якіх ужо з намі, на вялікі жаль, няма: Н.Б.Ватацы, М. М. Грынчыка, У. А. Калесніка, У. М. Конана, Г. А. Каханоўскага, Г. В. Кісялёва, А. А. Майсейчыка, В. У. Скалабана, Л. К. Тарасюк і інш. Але засталіся тыя, хто шмат зрабіў і робіць для асэнсавання творчай спадчыны паэта: І. Э. Багдановіч, Я. А. Гарадніцкі, Ц. Б. Ліякумовіч, М. І. Мішчанчук, М. І. Мушынскі, Т. В. Кабржыцкая, В. П. Рагойша, І. У. Саламевіч, В. А. Чабаненка і інш.
Энцыклапедыя «Максім Багдановіч» – плён працы некалькіх пакаленняў навукоўцаў, выданне, якое адпавядае стану сучаснага багдановічазнаўства і літаратуразнаўства наогул. Разам з тым многія тэмы, прадстаўленыя ў дадзеным выданні, распрацаваны ўпершыню, а таму часта носяць адкрыты, дыскусійны характар. Час імклівы, новыя гарызонты айчыннай гуманітарыстыкі нязменна ўнясуць свае карэктывы ў 1-е выданне. Але і кніга, якую чытач трымае перад сабой, – гэта ўжо гісторыя сама па сабе.