Максімюк Ян. Словы ў голым полі

Максімюк Ян. Словы ў голым полі
4.99 р.
Вага: 250 г
Памеры: 120x205 мм



Словы ў голым полі. Беларуская літаратура 1990-х у снах, успамінах і фатаздымках. — Мінск : І. П. Логвінаў, 2011. — 224 с. (Галерэя «Б»).

ISBN 978-985-6991-26-7

"Кніжка «Словы ў голым полі» ўключае тэксты, якія былі мною напісаныя як гадоў пятнаццаць таму, так і ўсяго летась, - кажа Ян Максімюк. - Значыць, кніжка не плянавалася загадзя. Яна складаецца з тэкстаў, якія пісаліся адначасна з ходам падзеяў у беларускім літаратурным жыцьці, і ў маім асабістым, ды публікаваліся ў розных сёньня ўжо цяжкадаступных або і ўвогуле недаступных выданьнях. Гэта паэт, празаік, філёзаф і сябар Ігар Бабкоў, які наогул чытаў тое, што я пісаў цягам апошніх пятнаццаці гадоў, падмовіў мяне зрабіць выбар з маіх прамінулых тэкстаў ды скласьці зь іх кніжыцу. Маўляў, некаторыя з гэтых тэкстаў заселі ў ягонай памяці, і ён ахвотна пабачыў бы іхнае ўзнаўленьне. Паколькі я давяраю чытацкаму густу Ігара, дык я яго паслухаўся. І напісаў адзін тэкст адмыслова для гэтага выданьня".
Ян Максімюк

Ян Максімюк

ЗМЕСТ

Ігар Бабкоў Ян Максімюк, сьведка эпохі

1. Насустрач бацьку
2. Словы ў голым полі
3. Прыручэньне дэманаў
4. Настальгія па савецкай гарчыцы
5. У заблукалішчах кантэкстаў
6. Чэскі нататнік
7. Першы адраджэнскі
8. З бліжэйшых пластоў забыцьця
9. Блог Радыё Свабода
10. Чаму Беларусь не Славенія
11. Згадваючы Марылю
12. New York, New York

ПРАДМОВА
Ігар Бабкоў Ян Максімюк, сьведка эпохі
Як нараджаюцца эпохі? Зь якой такой дзюркі ў часе? І куды яны хаваюцца пасьля таго, як іх час мінае?

Дзевяностыя яшчэ доўга будуць прыгадвацца беларускай літаратуры: такога буйства формы і зьместу не было ў ёй хіба ад моманту нараджэньня.

Было многа ўсяго, тутэйшага і нетутэйшага, брутальнай графаманіі й вытанчанага эстэцтва, мадэрнага патрыятызму і патрыятычнага постмадэрну, і ўсё гэта буяла, нагрувашчвалася, адкладалася як колцы ў дрэве.

За пакаленьнем тутэйшых адразу прыйшлі бум-бам-літаўцы са сваімі танцамі на барыкадах. А за імі наступнае пакаленьне, ужо з індывідуальнымі стылямі і міталёгіямі. І ўсё гэта неяк адразу зраслося, склалася ў цэльнасьць, у літаратурную традыцыю, якая дастаткова рана пачала ўсьведамляць і сваю навізну і сваю незвычайнасьць.

Не зраслося толькі з крытыкамі. Тыя, хто пачыналі, разьбегліся: у палітыку, у журналістыку, у розныя акадэмічныя закуткі. Ва ўласную творчасьць. Схаваліся ад часу, ад ягоных выклікаў і спакусаў.

Цяпер гэта відавочна: у дзевяностыя не хапала крытычнага вока, уцэнтраванага і засяроджанага на эпосе, кангеніяльнага ў сваім вар’яцтве таму, што адбывалася. Быў толькі Акудовіч, але і той вельмі рана сышоў да сябе, у сваё няма, якога, зрэшты, станавілася ўсё больш і больш.

Не было аніякіх сумневаў, што тыя, хто прыйдзе пасьля, змогуць аднавіць толькі зьнешнюю канву падзеяў, па статутах і публікацыях, па сухіх тэкстах, за якімі не заўсёды бачна асноўнае: эмоцыі, патас, дух часу і мейсца.

Тут была патрэбная мудрая паўпрысутнасьць, заангажаваная адпрэчанасьць, існаваньне на прадуктыўнай творчай мяжы. Каб быць тут, разам з усімі, і ў той жа час бачыць усё з крытычнай дыстанцыі.

Такія крытыкі, і такія памежжы здараюцца надзвычай рэдка.

І ўсё ж нам тады пашэнціла.

З намі быў Ян Максімюк, сьведка і суўдзельнік.

***

Ён бачыў ня так, як усе, і гэта было абумоўлена мейсцам яго нараджэньня.

Беласточчына, з узорна-паказальнай беларускай мяншыняй, тады раптам выбухнула асобамі і падзеямі. Як мінімум тры зь іх сталіся і нашымі легендамі таксама. Сакрат Яновіч. Лявон Тарасэвіч. Ян Максімюк.

Сакрат і Лявон вывелі тамтэйшае мастацтва з правінцыйнае сялянскае засяроджанасьці на сваім. Вывелі ў польскасьць, якая, прысвоеная, апынулася нечакана прадуктыўным культурным кантэкстам. У гэтай культурнай польскасьці нарадзілася новае пакаленьне беларусаў, для якіх сама беларускасьць была і формай тутэйшасьці, і ў той жа час чымсьці іншым: праектам, сном, экзістэнцыйным выбарам, парадыгмай вяртаньня.

Пра Максімюка можна было расказаць многа, але пачынаць мусілі заўсёды з галоўнага: Ян Максімюк – перакладчык Уліса. Гэтае перакладчык Уліса гучала гэтаксама па-вар’яцку, як і Борхесава П’ер Менар, аўтар Дон-Кіхота.

Бо ўсе неяк адразу разумелі, што перакласьці Джойсаў тэкст – гэта ня проста падставіць беларускія словы замест ангельскіх. А штосьці значна большае. Каб быць кангеніяльным у перакладзе, трэба было ня столькі перакладаць, колькі разам з Джойсам пражыць гэты тэкст, расшыфраваць яго сваім уласным жыцьцём.

Дазволіць свайму жыцьцю скласьціся такім чынам, каб пераклад здарыўся, адбыўся. Перачытаць сябе і сваю эпоху як камэнтар. Альбо як адзін з камэнтароў.

Убачыць сваё жыцьцё як ахвяру і як падарожжа.

Усё ня так проста. Пасьля таго, як выйшла першая частка Ўліса, у зацікаўленых назіральнікаў не было сумневаў, што неўзабаве канец гісторыі. Але напрыканцы дзевяностых Максімюк кансэрвуе рэшткі накладу і заяўляе, што яшчэ ня час. Што да пасьпяховага завяршэньня Уліса не гатовая ані сытуацыя, ані ён сам.

І распачынае больш падрабязныя штудыі тутэйшасьці.

***

Ягоная ўласная кніга, што патрапляе да беларускага чытача, ёсьць своеасаблівай справаздачай з гэтага другога пэрыяду. Яна напісаная ў рэдкім жанры крытычных успамінаў пра эпоху, гэта значыць, што аўтар распавядае пра сваё асабістае падарожжа па часе і прасторы, але ўсё, з чым ён сустракаецца ў сваім падарожжы, значна большае і істотнае, чым проста асабістае.

Яна адкрываецца Ўлісам, пачынаецца як камэнтар да першых эпізодаў (Насустрач бацьку). І ўжо тут сваё пачынае блытацца з чужым, далёкае з блізкім.

Працягваецца спробай расставіць эстэтычныя і палітычныя каардынаты найноўшай беларускай літаратуры (Словы ў голым полі). І потым, пасьля камэнтароў і інтэрпрэтацый (Арлоў, Глобус, Бабкоў), радыкальная зьмена кантэксту..

Гэтым іншым кантэкстам апынулася Прага, куды лёс закідвае нашага аўтара. Чэскі кантэкст выяўляецца фантастычна цікавым, але перадусім утульным, цёплым і камфортным. Не такім напружана балюча посткаляніяльным, як беларускі, але і не такім халодна бязьлітасным, як глябальны англа-саксонскі.

І далей ужо адтуль, з Прагі, прыгадкі пра сваё. Малая фэмінісцкая фантасмагорыя (Марта Піньска), аналіз адной з самых цікавых і скандальных літаратурных містыфікацыяў, што мае беластоцкія карані. Малая сямейная сага (З бліжэйшых пластоў забыцьця). Miscellany свабодаўскага блогу, у якім лінгвістычнае, асабістае і палітычнае утвараюць грымучую сумесь, кактэйль Молатава для халодных нулявых. На гэтым фоне праступаюць твары (успаміны пра Марылю), пачынаюць зьяўляцца цені і прывіды, і … абуджаецца памяць.

Канец кнігі вельмі дзіўны. Аўтар спрабуе прыгадаць эпізоды сваёй даўняй вандроўкі ў сталіцу сьвету – (New York, New York). Узнавіць у памяці адчуваньні свайго першага далёкага падарожжа. І падчас гэтага закрадаецца думка, што гэта яшчэ ня ўсё, што і цяпер ён яшчэ ня дома.

А тое, што выглядае такім цёплым і ўтульна-абжытым – гэта ўсяго толькі Каліпсо.

І яго яшчэ чакае вяртаньне.

***

Калі ёсьць падарожжа, мусіць быць і Ітака. Мудры і няўрымсьлівы падарожнік, Уліс усё ж такі вяртаецца.

І менавіта вяртаьне Уліса на Ітаку ёсьць зьместам наступных эпізодаў, якія не ўвайшлі ў кнігу.

Тут ёсьць спакуса сказаць: як Адысэй, дапамагаючы ахейцам, памятае пра Ітаку, так і Максімюк, беручы ўдзел у вялікай беларускай утопіі канца мінулага стагодзьдзя, урэшце вяртаецца да свайго.

На Падляшша. У сваю мову. Дзеля якой ён стварае адмысловае мейсца ў часе і прасторы. У гаворку, зь якой яго міласьцівы бог на свет пусьціў. Тыя, хто зацікавіцца, могуць знайсьці ўсё, што трэба, на сайце svoja.org, але некаторыя заўвагі і камэнтары проста непазьбежныя. Асабліва праз тоны непаразуменьняў і неадэкватных рэакцыяў, якія паўсталі ня толькі на Беласточчыне.

Таму, пра сутнасьць падзеі. Перад намі не палітычны праект стварэньня падляскай нацыі, а індывідуальная культурная ўтопія, абсалютна немагчымая ў нашу эпоху, і менавіта таму фантастычна прыгожая.

Максімюк стварае літаратурную мову з тых словаў, якія прамаўляліся ў ягонай вёсцы і якія ацалелі ў ягонай памяці, у памяці ягоных блізкіх. Перакладае на гэтую мову тэксты ня проста клясычныя, альбо сучасныя, а менавіта апрычоныя. Якія у ёй адгукаюцца. Дзеля таго каб знайсьці і перакласьці менавіта такія тэксты, ён вучыць нарвэскую (!) і перакладае зь яе раманы – на сваю мову (!).

Калі працягваць паралелі з Джойсам, дык гэта, канечне, часы Абуджэньня Фінэгана… Кніга, адзіным да канца адэкватным чытачом якой, напэўна, быў яе аўтар.

І тут мы падыходзім да самага важнага. Тэза абсалютна вар’яцкая, але на ёй я ўсё ж такі настойваю і буду настойваць. Асабліва пры асабістай сустрэчы, дзе б яна ні адбылася. У гатэльчыку Ўроцлава ці менскай кавярні, ва ўтульным праскім доме ці сярод муроў каханай Вільні. У коле старых сяброў. Калі Сяргей Шупа, іншы герой эпохі, дастане ацалелую дзеля такога выпадку бутэльку старой выкшталцонай слівовіцы.

Дык вось. Менавіта стварэньне сваёй мовы ставіць Максімюка нароўні з Джойсам. І можа нават Гамэрам. Гэта той мэтафізічны пункт, які канчаткова завяршае падарожжа. Тая вышыня, зь якой ўжо ўсё бачна.

І цяпер можна спакойна выдаваць другі том Уліса.

 

Ян Максімюк (нар. 18 траўня 1958, в. Ляхі, Падляскае ваяводзтва, Польшча) — беларускі перакладчык, крытык, літаратар на Беласточчыне.
У 1983 скончыў фізычны факультэт Варшаўскага ўнівэрсытэту. Працаваў настаўнікам, інструктарам і сакратаром Беларускага Грамадзка-Культурнага Таварыства ў Беластоку, журналістам «Нівы», перакладчыкам у амэрыканскай амбасадзе ў Варшаве.
У 1993 годзе пераклаў «Уліса» Джойса на беларускую мову. Стварае слоўнік падляскае (сваёй) мовы.
З 1998 году жыве ў Празе. Супрацоўнічае з Радыё Свабода. У вольны час перакладае беларускую літаратуру на польскую мову і сусьветную літаратуру на беларускую мову. Удзельнічаў ў рэдагаваньні літаратурна-мастацкага часопісу «Правінцыя» (Беласток).
У 2009 годзе разам з Сяргеем Шупам заснаваў інтэрнэт-праект Літаратура.орг.


Раім таксама паглядзець:
Арлоў Уладзімер. Пакуль ляціць страла
13.99 р.

Арлоў Уладзімер. Пакуль ляціць страла

"Пакуль ляціць страла" – гэта сто адказаў пісьменьніка на пытаньні чытачоў падчас сустрэчаў у бібліятэках і каля вогнішчаў, выступаў на кватэрах і ва ўнівэрсытэтах.

Дубавец Сергей. Русская книга
4.49 р.

Дубавец Сергей. Русская книга

"Русская книга" (первое издание — 1998 г.) состоит из текстов, написанных автором в 1990-е гг. для периодических изданий, выходящих на русском языке: журналов "Нёман", "Белорусский климат" и "Вильнюс", газеты "Свабода" и московской "Литературной газеты".

Дынько Андрэй, Скурко Андрэй. Беларусь за 10 падарожжаў
4.49 р.

Дынько Андрэй, Скурко Андрэй. Беларусь за 10 падарожжаў

Кніга рэдактараў газэты "Наша Ніва" складаецца з эсэ, напісаных пад уражаньнем ад падарожжаў на розныя межы Беларусі.