![]() |
6.99 р.
Вага: 200 г
Памеры: 140x200 мм
|
Зборнік. − Vilnius, 2010. – 82 с.
ISBN 978-9955-437-24-6
Творы, напісаныя падчас зняволення ў СІЗА КДБ − вершы і паэма "Турма". Кандыдат у прэзідэнты Беларусі на выбарах 2010 года Уладзімір Някляеў выдаў новую кнігу «Лісты да Волі», у якую ўвайшлі дзясяткі вершаў, напісаных ім падчас судовага працэсу па "справе 19 снежня". Кніга таксама ўтрымлівае прадмову аўтара і апошняе слова палітыка на судовым працэсе.
Уладзімір Някляеў прысвяціў гэтыя 30 вершаў сваёй жонцы Вользе. Кніга выдадзена пры падтрымцы інфармацыйнага цэнтра ў Вільні. Першы верш датаваны 1 студзеня 2011 года, і ў кожны наступны студзеньскі дзень паэт пісаў па вершы.
"Гэтая кніжка называецца «Лісты да Волі». Яна складаецца з трох раздзельчыкаў. Першы раздзел – гэта вершы, другі – паэма, напісаная ў турме і таму называецца «Турма», а трэці – гэта апошняе слова на судзе. Гэта ўжо не ў турме падрыхтаванае, але ўсё адно пад хатнім арыштам, таму тут гэтае «слова» выкарыстоўваецца. Кніга невялікая, я, дзякуй Богу, сядзеў у турме не так доўга, каб вялікую напісаць."
Уладзімер Някляеў
Лісты да волі. Пачатак кнігі
Вершы не табой, нават не ў табе пішуцца - і ты сам здзіўляешся, калі ў сабе іх знаходзіш.
Асабліва ў турме.
3 ёй, турмой, у мяне ўзніклі нечаканыя адносіны. 3 іх і вынікла кніга “Лісты да Волі” найперш паэма “Турма”. Таму варта згадаць, як тыя адносіны склаліся.
Я быў кандыдатам у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь - і ў дзень выбараў, 19 снежня 2010 года на мяне напалі людзі ў чорным. Ледзь не забілі. Я апынуўся ў шпіталі, скуль людзі ў чорным мяне выкралі. Уночы. 3 палаты рэанімацыі. Голага.
3 гэтага моманту я помню страх. Пранізлівы. Не меншы за мароз, які лютаваў у тую ноч у Мінску, ад якога сінела ў цемры жалеза. Чаму не далі апрануцца?.. Узяць адзежу?.. I не знайшлося ў страху іншага адказу, апроч аднаго: гэтыя тюдзі, якія выцягнулі мяне голага на мароз, ведаюць, што адзежа мне болей не спатрэбіцца. Ніякая і ніколі.
Я ведаў, кім яны, гэтыя людзі ў чорным, пасланыя. Ведаў, што яны катуюць і забіваюць. Што гэта з іх фармаваліся "эскадроны смерці", што гэта яны (ці гэткія самыя, як яны) знішчалі апазіцыйных палітыкаў. Таму, кінуты ў прамерзлую машыну, намагаўся ўгадаць, у які бок мяне вязуць. Калі ад шпіталю ў горад - ёсць надзея. Калі ж за горад, у бок лесу...
Уладзімір Някляеў нарадзіўся 9 ліпеня 1946 года ў горадзе Смаргоні Гродзенскай вобласці. Вучыўся ў Мінскім элетратэхнікуме сувязі (1962-1966), на аддзяленні паэзіі Літаратурнага інстытута (1971, Масква), скончыў філалагічны факультэт Мінскага педагагічнага інстытута (1973). Працаваў сувязістам на Поўначы, у Сібіры, на Далёкім Усходзе, радыёмеханікам у мінскім тэлевізійным атэлье. Заняўся журналістыкай, супрацоўнічаў у газеце "Знамя юности", рэдагаваў бюлетэнь "Тэатральны Мінск", быў старшым рэдактарам галоўнай рэдакцыі літаратурна-драматычных праграм Беларускага тэлебачання, галоўным рэдактарам часопіса "Крыніца", штотыднёвіка "Літаратура і мастацтва". З 1998 па 2001 - старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў.
Выступае з вершамі ў перыядычным друку з 1970 года. У 1976 годзе выдаў першы зборнік паэзіі «Адкрыццё». Аўтар паэтычных кніг «Вынаходцы вятроў» (1979), «Знак аховы» (1983), «Местное время» (1983), «Наскрозь» (1985), «Дерево боли» (1986), «Галубіная пошта» (1987), «Веда» (1989), «Прошча» (1996), «Выбранае» (1998), «Так» (2004). Апошнім часам выступае пераважна як празаік (апавяданні «Хайбах», «Чмель і вандроўнік», «Меў Марык бомбу», аповесці «Прага», «Няхай жыве 1 Мая» і інш.). Аўтар раману «Лабух» (2003).
Па аповесці "Вежа" Аляксеем Дударавым была напісана фантасмагарычная камедыя "Вавілон", пастаўленая Мікалаем Мацкевічам.
Аўтар тэкстаў шматлікіх папулярных песень.
Лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола (1979) за кнігу «Вынаходцы вятроў» і паэму «Дарога дарог». Узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны».
Інтэрв’ю з Уладзімірам Някляевым можна прачытаць тут.