Слоўнік мовы “Нашай Нівы” (1906—1915). У 5 т. Т. 1: А—Д

Слоўнік мовы “Нашай Нівы” (1906—1915). У 5 т. Т. 1: А—Д
9.99 р.
Вага: 1200 г
Памеры: 175x245 мм



Укл. А. М. Анісім, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова, Г. К. Усціновіч; Пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мінск: Тэхналогія, 2003. — 624 с. Цв. вокл.

ISBN 985-458-084-9

Слоўнік заснаваны на лексічным матэрыяле, крыніцай якога паслужыла першая масавая газета «Наша Ніва» – унікальны пісьмовы помнік нацыянальнага адраджэння пачатку ХХ стагоддзя. У першых чатырох тамах сабраныя агульная лексіка і фразеалогія ў іх поўным аб’ёме. Пададзены ўсе варыянты слова, значэнне яго шырока ілюструецца. Пяты том змяшчае ўвесь набор уласных імёнаў, прозвішчаў, псеўданімаў, назваў населеных пунктаў ды іншых геаграфічных аб’ектаў і выконвае адначасова функцыю паказальніка да факсімільнага выдання «Нашай Нівы». Лексічны матэрыял у слоўніку пададзены ў дзвюх графічных сістэмах – кірыліцы і лацінцы.

Уступнае слова

У гісторыі кожнай мовы ёсьць асабліва адметныя, этапныя перыяды. Для беларускай мовы такім быў пачатак ХХ стагодзьдзя - перыяд нацыянальна-культурнага адраджэньня. Закон "Аб свабодзе друку" (1906 г.) зьняў забарону на беларускае друкаванае слова, і неўзабаве голасна заявілі пра сябе першыя легальныя беларускамоўныя газэты "Наша Доля", "Наша Ніва", "Bielarus".

З фіксацыі на пісьме жывой народнай гаворкі распачалася гісторыя новай беларускай літаратурнай мовы. Найбольшы посьпех у яе станаўленьні і разьвіцьці, у наданьні ёй яркага нацыянальнага аблічча і шырокага грамадскага гучаньня выпаў на долю штотыднёвай грамадска-палітычнай і навукова папулярнай газэты "Наша Ніва", што выдавалася ў Вільні ад 10 лістапада 1906 да 7 жніўня 1915 года кірыліцай і паралельна да 31 кастрычніка 1912 года лацінкай. Яе рэдактарамі і выдаўцамі у розныя часы былі З.Вольскі, А.Уласаў, І.Луцэвіч (Янка Купала).

Дзейнасць "Нашай Нівы" выйшла далёка за межы звычайнай газэты. Для беларусаў яна служыла асноўным культурным асяродкам, нацыянальнай школай асьветніцтва, сымболем адраджэньня нацыі. У гісторыю беларускага народа "Наша Ніва" ўвайшла як унікальная нацыянальная з'ява, як важны пісьмовы дакумэнт, помнік-энцыклапедыя традыцыйнай культуры, як адна з тых гістарычных вехаў, якімі пазначаны шлях беларускай духоўнасьці. Ад самага пачатку свайго існаваньня газэта імкнулася абудзіць сьвядомасьць свайго народа, вярнуць яму духоўныя і інтэлектуальныя арыенціры, узьняць прэстыж роднай мовы. Асаблівая роля ў ажыцьцяўленьні гэтых намераў адводзілася лепшым прадстаўнікам адраджэнцкага руху - выдатным майстрам мастацкага слова, публіцыстам, грамадскім дзеячам, сярод якіх Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч, Алесь Гарун, Цётка, Канстанцыя Буйло, Зьмітрок Бядуля, Максім Гарэцкі, Лявон Гмырак, Карусь Каганец, Аляксандар Ўласаў, Антон Луцкевіч, Вацлаў Ластоўскі, Ігнат Буйніцкі, Сяргей Палуян і шмат іншых. Разьвіваючы традыцыі Вінцука Дуніна-Марцінкевіча, Францішка Багушэвіча, яны рашуча павярнулі нацыянальную мову да народных вытокаў, распачалі этап аднаўленьня і напрацоўкі ўсяго таго, што вылучае яе самабытную, выразна акрэсьленую індывідуальнасьць сярод іншых культурна-сталых моваў сьвету. Пад іх пяром беларускае гутарковае слова праходзіла апрацоўку мастацкім талентам, шліфавалася, удасканальвалася.

Нашаніўскі перыяд храналагічна кароткі, але надзвычай важны і выніковы ў гісторыі разьвіцьця беларускай мовы. Гэта перыяд, на які прыпала выпрабаваньне нашай новай літаратурна мовы на жыцьцёвасьць, станаўленьне яе лексічнага складу, нацыянальных нормаў, структурна-функцыянальных стыляў і інышх характэрных асаблівасьцяў. Менавіта на старонках "Нашай Нівы" беларуская мова ўзьнялася да ўзроўню літаратурнай мовы нацыі, а газэта - да вышынь агульнанацыянальнага пісьмовага помніка, падобнага якому на тую пару не меў ні адзін славянскі народ. Гэта была ўжо не старая кніжная беларуская мова і не фіксацыя нейкага аданаго дыялекту, а новая, адзіная для ўсіх беларусаў пісьмовая мова, у якой агульнанацыянальныя формы відавочна пераважалі над лакальнымі.

"Наша Ніва" падсумавала ўсё найбольш істотнае ў беларускай нацыянальнай традыцыі і заклала трывалы падмурак беларускай літаратурнай мовы на жывой народнай аснове, акрэсьліла шэраг тэндэнцый, якія вызначылі перспектыву яе далейшага разьвіцьця. Без уліку гэтых тэндэнцый, без глыбокага аналізу і падрабязнай сэнсавай характарыстыкі лексікі нашаніўскага перыяду немагчыма спасцігнуць сутнасьць феномена новай беларускай літаратурнай мовы, атрымаць аб'ектыўнае ўяўленьне пра лексічныя і семантычныя працэсы, што адбыліся і адбываюцца ў нацыянальнай мове на ўсім працягу яе гісторыі.

"Слоўнік мовы "Нашай Нівы" - найлепшы спосаб маштабна ўзнавіць карціну моўнай арганізацыі пачатковага этапа станаўленьня новай беларускай літаратурнай мовы з усімі ўласьцівымі ёй рысамі і супяроэчнасьцямі, паказаць яе лексіка-фразеалагічную адметнасьці, перадаць адчуваньне яе шырыні і глыбіні.

Як крыніца багатых, нікім не дасьледаваных і строга дакумэнтаваных лексічных рэсурсаў Слоўнік будзе шчодра жывіць здабыткі сучаснай і будучай айчыннай навукі пра мову. Масавы прыток новых лексічных сродкаў дазволіць істотна пашырыць фактычную базу для слоўнікаў іншай арыентацыі, паглыбіць сістэмнае апісаньне слоўнікавага складу беларускай мовы, сінхранізаваць семантычныя зрухі ў розных яе лексічных пластах, раскрыць механізм варыянтнасьці як аднаго з важнейшых фактараў фарміраваньня і разьвіцьця лексіка-семантычнай сістэмы мовы.

Лексікаграфічнае асэнсаваньне нашаніўскай моўнай спадчыны адкрывае рэальныя перспектывы і для высьвятленьня многіх актуальных пытаньняў сучаснай беларускай моўнай практыкі, у першую чаргу тых, якія датычаць вызначэньня літаратурнай нормы.
Вяртаючы нас да вытокаў беларускай літаратурнай мовы, Слоўнік тым самым пракладвае беларусам найкарацейшы шлях да іх нацыянальных культурна-моўных каранёў і быццам жывая ніць лучыць наша мінулае і сучаснае.


Раім таксама паглядзець:
Слоўнік мовы “Нашай Нівы” (1906—1915). У 5 т. Т. 2: Д—Н
9.99 р.

Слоўнік мовы “Нашай Нівы” (1906—1915). У 5 т. Т. 2: Д—Н

Укл. І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова, Т. П. Скрыпко, Г. К. Усціновіч; Пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мінск: Тэхналогія, 2007. — 624 с. Цв. вокл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы. Т. 10. П
0.79 р.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы. Т. 10. П

НАН Беларусі, Інстытут мовазнаўства імя Я. Коласа; уклад. Р. М. Ралько, М. П. Антропаў, Г. А. Цыхун; рэд. Г. А. Цыхун. – Мінск: Беларуская навука, 2005. – 325 с. Цв. вокл.

Наша Ніва: Першая беларуская газэта з рысункамі. 1911 г.
3.23 р.

Наша Ніва: Першая беларуская газэта з рысункамі. 1911 г.

Чацверты выпуск факсімільнага выдання першай масавай беларускай дэмакратычнай газеты пачатку ХХ стагоддзя ўтрымлівае нумары за 1911 год.