Шаноўныя сябры!
Калектыў Prastora.by шчыра зычыць вам усяго самага сьветлага ў наступным, 2013 годзе! Час бяжыць без звароту, і, як ужо стала ўсім без вынятку відавочна, што ў 2012-м канец сьвету не наступіў, то значыць — будзем жыць і пашыраць Беларускую Прастору і ў наступным, і ў тых, што будуць за ім гадах і дзесяцігодзьдзях! :)
Будзьце заўсёды ў гуморы — а мы будзем радыя вам на Прасторы! )))
Ну а напрыканцы віншаваньня дазвольце невялічкую рэтраспэктыву ў дзесяцігодзьдзі ранейшыя, бо хоць час і бяжыць няўмольна наперад, але ўсё ж цікава бывае часам азірнуцца назад ды паглядзець, як яно было тады... Прыемнага прагляду і яшчэ раз з Новым годам, спадарства!
Анатоль Волкаў, 1976 год.
Паглядзець болей навагодніх плякатаў даўнейшых гадоў можна, націснуўшы на малюнак або "Чытаць цалкам" ніжэй.
Шаноўныя сябры!
Кампанія "Будзьма беларусамі!" і Prastora.by супольна падрыхтавалі да Калядаў сьвяточную акцыю, удзельнікі якое маюць магчымасьць атрымаць адмысловыя падарункі.
Сэнс акцыі вельмі просты і заключаецца ў наступным: цягам месяца (а можа нават і трохі болей...) у інтэрнэт-краме Prastora.by пэўныя тавары будуць атрымліваць яркі цэтлік Тавар з акцыі "Будзьма з Prastora.by!", што будзе азначаць, што гэты тавар уваходзіць у сьпіс тых, набываючы якія, Вы маеце магчымасьць атрымаць адмысловыя прызы ад кампаніі "Будзьма беларусамі!" і нашае крамы.
Арганізатары пакідаюць за сабою права павялічваць і дапаўняць сьпіс падарункаў, на дадзены ж момант іх пералік выглядае наступным чынам: фірмовыя торбачкі, беларускамоўныя налепкі на клявіятуру, наборы паштовак, а таксама музычныя складанкі розных стыляў — ад року да фольку.
Неўзабаве тут будзе выкладзенае відэа з падзеі 26 лістапада 2012 году, калі ў Менскай абласной бібліятэцы прэзэнтавалі новыя аўдыёкнігі Ўладзімера Караткевіча.
Шаноўныя сябры! Прапаноўваем вашай увазе новую аўдыёкнігу "Ладдзя Роспачы ды іншыя аповесці" Ўладзімера Караткевіча, а таксама сардэчна запрашаем на літаратурна-музычную імпрэзу з гэтае нагоды, якая адбудзецца ў Дзень нараджэньня пісьменьніка.
Дата і час правядзеньня: 26 лістапада (панядзелак) а 19-й гадзіне.
Месца правядзеньня: Менская абласная бібліятэка імя Пушкіна (адрас: вул. Гікалы, 4) – побач з пр. Незалежнасьці і пл. Якуба Коласа, непадалёк ад Філярмоніі і ЦУМ'у.
Плянуюцца выступы вядомых літаратараў, а таксама майстроў жывога слова, разынкаю вечару будзе вялікая музычная частка, якую адмыслова рыхтуюць ЛЯВОН ВОЛЬСКІ, ЮРЫ ДЗЬМІТРЫЕЎ (гурт ТРОІЦА), ПАВЕЛ АРАКЕЛЯН (і ягоны джаз-бэнд The Outsiders), а таксама ЗЬМІЦЕР БАРТОСІК.
Для тых, хто ня здолее быць у гэты час у азначаным месцы і ўбачыць усю падзею на ўласныя вочы плянуецца жывая трансьляцыя мерапрыемства, якую можна будзе глядзець тут.
Ну а для тых, хто здолее трапіць на імпрэзу, будуць прыемныя нечаканкі і сюрпрызы! Ласкава запрашаем!:)
20 верасьня ў сталіцы распачнецца новы музычны сэзон – гурт HandmadE прадставіць публіцы свой дэбютны альбом – Na vačach tvajich... (На вачах тваіх...), адзін з самых адметных беларускіх дыскаў 2012 году. У імпрэзе таксама возьме ўдзел Павел Кузіч з прэм'ераю свайго новага электроннага праекту. Канцэрт адбудзецца а 19-й гадзіне ў менскім Loft cafe, кошт квіткоў – 50'000 рублёў і 60'000 рублёў (месца за столікам). Прыходзьце і на свае вушы пачуйце адно з самых яркіх беларускіх музычных адкрыцьцяў апошняга часу!
Першы студыйны альбом гурту HandmadE быў прэзэнтаваны ўвесну на партале "Тузін Гітоў", улетку ж яго ў рэальным выглядзе пад назваю "На вачах тваіх..." выдала кампанія BelTonMedia. Самая першая прэзэнтацыя новага альбому слухачам адбылася ўлетку на фэстывалі "Пікнік.BY", а клюбная прэм'ера заплянаваная акурат на адкрыцьцё канцэртнага сэзону, які распачынае інтэрнэт-партал Tuzin.fm пры падтрымцы кампаніі "Будзьма беларусамі!".
Цяпер канцэрты ў межах праекту "Жывы Тузін" маюць праходзіць штомесяц, і стаўка гэтым разам будзе зробленая не на акустычныя выступы, як было летась, а на эксклюзіўныя прэм'еры – як ад маладых, гэтак і ад ужо вядомых беларускамоўных выканаўцаў. Весьці гэтыя канцэрты традыцыйна будзе Алег Хаменка – музыка і нязьменны вядоўца радыёвэрсіі гіт-параду "Тузін Гітоў".
Між іншым, не забыліся хлопцы з гурту HandmadE і на тое, што сёлета – акрамя юбілеяў Купалы і Коласа – спаўняецца і 100 гадоў з дня нараджэньня яшчэ аднаго клясыка беларускае літаратуры Максіма Танка. Сярод некалькіх прэм'ераў, якія абяцае лідэр гурту Яўген Валошын, будзе і новая песьня "Сіньярыта з Коста-Рыкі" на верш Яўгена Скурка (сапраўдныя імя і прозьвішча Максіма Танка). Лідэр HandmadE накіраваўся ў гэтую краіну роўна празь 50 год пасьля свайго славутага земляка і вялікага беларускага паэта ды трапіў у такую самую сітуацыю, а менавіта – закахаўся ў тамтэйшую дзяўчыну. "Толькі мне, відаць, пашанцавала больш, чымся Танку, бо я ня быў абцяжараны дзяржаўнымі паўнамоцтвамі і выправіўся ў Лацінскую Амэрыку, каб трошкі пабавіцца там, пажыць, зрабіўшы тое, пра што, напэўна, марылася нашаму паэту паўстагоддзя таму", – іранізуе Яўген.
Днямі свой чарговы Дзень нараджэньня адзначыў прафэсар і слынны тэатральны пэдагог Андрэй Каляда, на рахунку якога ці не палова ад усіх агучаных па беларуску мастацкіх (і ня толькі) тэкстаў. Каманда Prastora.by далучаецца да віншаваньняў і зычыць вельмішаноўнаму спадару Андрэю і надалей гэтак жа заўзята шчыраваць на беларускай ніве, як тое ён ужо робіць шмат гадоў!
Акурат да дня нараджэньня майстра выйшлі некалькі выданьняў, якія мы з прыемнасьцю прапаноўваем вашай увазе – сярод іх будзе Аўдыёкнігазбор перакладаў на DVD, а таксама некалькі перакладных кніг клясыкаў усясьветнае літаратуры, у тым ліку Нобэлеўскіх ляўрэатаў.
А ў працяг тэатральнае тэмы Prastora.by, зьяўляючыся інфармацыйным партнэрам міжнароднага тэатральнага праекту, настойліва раіць менскай публіцы сплянаваць свой пятнічны вечар 29-га чэрвеня такім чынам, каб абавязкова наведаць сталічную канцэртную залю "Менск", дзе а 19-й гадзіне будуць паказваць камэдыю "Амазонія" паводле польскага аўтара Міхала Вальчака.
Рэжысэр-пастаноўнік – Ігар Пятроў (Купалаўскі тэатар, Беларусь), сцэнаграфія і строі – Юлія Скшынецка і Дзіяна Маршалэк (Польшча), харэаграфія – Майк Партуш (Францыя), музычнае аздабленьне – Павал Захаранка (Беларусь). У спэктаклі занятыя студэнты Беларускае дзяржаўнае акадэміі мастацтваў, мастацкім кіраўніком курса зьяўляецца народны артыст Беларусі Мікалай Кірычэнка. Квіткі можна замовіць праз інтэрнэт: на www.kvitki.by – кошт ад 15000 да 30000 беларускіх рублёў, даведкі па тэлефоне (017) 328-69-95. Прыходзьце, будзе сьмешна й цікава!
Прапаноўваем вашай увазе новыя тавары, што зьявіліся ў продажы на Prastora.by, – сярод якіх перавыданьне легендарнае і ўвогуле першае беларускае гаспадарча-кулінарнае энцыкляпэдыі "Літоўская гаспадыня", а таксама шмат іншых гістарычных і мастацкіх кніг, у тым ліку для дзяцей. Прыемнага чытаньня!
Каб пабачыць поўны сьпіс тавараў, націсьніце ніжэй "Чытаць цалкам" або проста клікніце на малюнку справа ад гэтага тэксту.
Кагадзе Альгерд Бахарэвіч, які цяпер стала жыве ў Гамбургу, прэзэнтаваў у Менску свой апошні раман – "Шабаны. Гісторыя аднаго зьнікненьня" – які адразу ж зрабіўся бэстсэлерам у сталічных кнігарнях і наклад якога ўжо практычна разышоўся.
Досыць рэдкая зьява для сучаснае беларускае літаратуры, калі ўвесь тыраж новае кнігі фактычна распрадаецца за 2-3 тыдні: ці то асоба аўтара, чые кнігі актыўна пачалі перакладаць і друкаваць за мяжою, ці то бурлівыя абмеркаваньні, якія ягоная творчасьць выклікае на Радзіме, ці то яшчэ нешта іншае, але ж факт застаецца фактам – "Шабаны" Альгерда Бахарэвіча могуць стаць самаю прадаванаю кнігаю ў 2012 годзе.
Як і апошні кампакт гурту "Pomidor/Off" з аднайменным трэкам-прысьвячэньнем менскаму прамысловаму раёну – за яго (зрэшты, ня толькі за яго) Аляксандар Памідораў і кампанія атрымалі сёлета аж дзьве ўзнагароды (у тым ліку і галоўную Рок-карону – "гурт году") на апошняй Рок-каранацыі ў Маладэчне.
2011 год для міжнароднае літаратурнае супольнасьці прайшоў як "Год Чэслава Мілаша" – польскага літаратара, "нобэлеўскага ляўрэата зь ліцьвінскаю мэнтальнасьцю". На працягу ўсяго году адна за другою выходзілі кнігі Мілаша на розных мовах сьвету – у тым ліку, па-беларуску. Прапаноўваем вашай увазе падборку з 6-ці кніг слыннага аўтара, выдадзеных па-беларуску ў розны час ад 2000 і да 2012 году, у якіх сабрана ўсё найбольш значнае, што стварыў за сваё плённае творчае жыцьцё ляўрэат Нобэлеўскае прэміі па літаратуры за 1980 год.
Таксама пацешыў літаратурных гурманаў двума новымі дыхтоўна выдадзенымі тамамі выдавецкі праект "Гарадзенская бібліятэка", чарговы раз ушанаваўшы памяць Ларысы Геніюш і Васіля Быкава. Кніга "Гарадзенскі архіў" Васіля Быкава зьявіцца на Prastora.by трохі пазьней, і пра яе мы паведамім у адмысловай рассылцы, а вось кніга "Лісты з Зэльвы" Ларысы Геніюш ужо даступная на нашым сайце, і падрабязьней пра яе вы можаце прачытаць ніжэй.
Сяброве!
Кагадзе ў нашую засьнежаную краіну прыйшла каляндарная вясна – за вокнамі сакавік, а значыць – надыходзіць пара натхненьня і абуджэньня ўсяго навакольля ад зімовае сьпячкі! Сёй-той ужо нават пасьпеў спаліць традыцыйнае пудзіла зімы, адзначаючы Масьленіцу :)
Наперадзе таксама іншыя веснавыя сьвяты, і адмыслова з гэтае нагоды на нашых віртуальных паліцах у абмежаванай колькасьці зьявіліся файныя (і адначасова вельмі практычныя) сувэніры – дызайнэрскія "натхняльнікі", якія могуць стацца выдатным падарункамі да любога сьвята.
Але пра іх падрабязьней ніжэй, пакуль жа хочам далучыцца да віншаваньняў Паўлу Касьцюкевічу з нагоды атрыманьня ім вагомае (ува ўсіх сэнсах) прэміі імя Ежы Гедройца за найлепшую беларускамоўную кнігу прозы!..