У аповесці Алеся Адамовіча "Венера, або Як я быў прыгоннікам" шмат аўтабiяграфiчнага, аўтарскага. У споведзi безыменнага героя разгортваецца кароткае жыццё Венеры Станкевiч, паказваецца яе трагедыя, што ў асноўным паўтарае трагедыю беларусаў. Гэта твор-пакаянне, дзе адлюстраваны працэс "разліку з мінулым".
Празаік Вячаслаў Адамчык зарэкамендаваў сябе як выдатны псіхолаг, знаўца чалавечае душы і традыцый вясковага побыту. У рамане "Чужая бацькаўшчына", які ўваходзіць у вядомы пісьменніцкі цыкл празаічных твораў, адзначаных Дзяржаўнай прэміяй Беларусі імя Я. Коласа, ён стварыў вобраз заходне-беларускай вёскі ва ўмовах даваеннай польскай дзяржавы. Амаль дэтэктыўны сюжэт рамана робіць яго чытанне па-сапраўднаму захапляльным.
У кнiгу ўвайшлi найбольш значныя творы беларускага класiка Максiма Багдановiча, якi пры жыццi марыў пра зборнiкi паэзii "Пярсцёнак" ды "Шыпшына". Гэтае выданне ў пэўнай ступенi выконвае яго запавет.
У кнігу ўвайшлі выбраныя творы Народнага паэта Беларусі, намінанта Нобелеўскай прэміі па літаратуры Рыгора Барадуліна. У ёй змешчаны як хрэстаматыйныя творы, так і эсэ, запісы, вершы апошніх гадоў і дзён.
Васіль Быкаў - імя, вядомае ўва ўсім свеце. Ягоная праўда пра вайну заўсёды не проста ўражвала, яна - апякала. Ягоная глыбіня спасціжэння ўзлётаў і падзенняў чалавечае натуры ў нашай літаратуры не мае сабе роўных. У кнігу Народнага пісьменніка Беларусі ўвайшлі аповесці "Альпійская балада" і "Пакахай мяне, салдацік", у якіх закранаецца тэма вайны.
У кнізе аднаго з выдатнейшых дзеячаў у гісторыі беларускай культуры Максiма Гарэцкага, цікавага і непаўторнага пісьменніка, якога параўноўваюць з Рэмаркам, друкуюцца дзве аповесці, напоўненыя глыбокай сацыяльнай і філасофскай праблематыкай.
Андрэй Мрый напісаў унікальны не толькі для беларускай, але і для сусветнай літаратуры раман. Эксклюзіў у тым, што галоўны герой, прайдзісвет і авантурнік, выкрывае сам сябе, а заадно і сістэму, якая яго спарадзіла. Самсон Самасуй быццам вылузаўся з рамана і забіў свайго стваральніка: пісьменнік быў рэпрэсаваны, высланы і памёр падчас вяртання на радзіму. Над загадкаю гэтага непатапляльнага персанажа літаратуразнаўцы б`юцца дагэтуль.
Міхась Стральцоў, якога называюць пісьменнікам па прызванні і псіхолагам па натуры, неверагодна ўзбагаціў айчыннае прыгожае пісьменства. Ён праявіў сябе тонкім псіхолагам, знаўцам побыту вёскі і горада. Узнёсла і разважліва аналізаваў майстэрства Ф. Багушэвіча, Я. Купалы, Я. Коласа, М. Багдановіча, Ц. Гартнага і іншых. У кнігу яго выбраных твораў увайшлі эсэ "Загадка Багдановіча" і апавяданні "Смаленне вепрука", "Сена на асфальце", "Свет Іванавіч, былы донжуан".
Чалавек не быў бы чалавекам, а народ - народам, каб іх не хвалявалі думкі пра заўтрашні дзень, каб яны не імкнуліся развітацца з мінулым і здабыць для сябе і нашчадкаў больш годнае жыццё. У сваім рамане "Пошукі будучыні" класік беларускай літаратуры Кузьма Чорны адлюстроўвае лёс беларусаў у час вялікіх выпрабаванняў.
Надзвычайная папулярнасць прозы Івана Шамякіна тлумачыцца той усёпранікальнасцю, з якой ён прасочваў побыт і душу чалавека, умеў з аднолькавым поспехам зазірнуць у майстэрню архітэктара, аперацыйную хірурга, кабінет партыйнага функцыянера, хату механізатара. Паўсюль пісьменнік знаходзіў жыццё і чалавека з яго простымі жаданнямі - дабрабыту і шчасця. У аповесці "Шлюбная ноч" рука майстра спалучыла дзве несупастаўляльныя, здавалася б, тэмы - вайна і каханне.
Беларускі драматург і тэатразнаўца Францішак Аляхновіч першым у сусветнай літаратуры, за чвэрць стагоддзя да Аляксандра Салжаніцына, апісаў жахі бальшавіцкага ГУЛАГу. Яго твор "У капцюрох ГПУ", упершыню апублiкаваны ў 1934 годзе, яшчэ ў даваенны час быў перакладзены на асноўныя еўрапейскія мовы.
Надзелены фенаменальнай фантазіяй і талентам прадбачання, Ян Баршчэўскі стаў адным з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры і ўзбагаціў яе, магчыма, адным з самых загадкавых і займальных твораў - кнігаю "Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях", у якой шырока выкарыстаныя беларускія народныя казкі, легенды і паданні.
Што такое чалавек перад знішчальнай сілай бесчалавечных абставін? На што ён здольны, калі магчымасці захаваць жыццё вычарпаныя да канца і прадухіліць смерць немагчыма?
Васіль Быкаў зноў і зноў ставіў гэтыя пытанні ў сваіх творах.
Гістарычны дэтэктыў "Дзікае паляванне караля Стаха" - адзін з найбольш папулярных твораў класіка беларускай лiтаратуры Уладзіміра Караткевіча. Створаная паводле класічных канонаў прыгодніцкай рамантыкі, гэтая аповесць мае і нешта сваё, адметнае, нейкую ўласцівую ёй таямніцу-загадку, якую нават цяжка растлумачыць, а можна хіба адчуць.
Паэма Народнага паэта Беларусі Якуба Коласа "Новая зямля" - першы беларускі буйны эпічны твор. Гэта кніга, якая павінна быць у біблятэцы кожнага, хто лічыць сябе беларусам. Не толькі таму, што гэта першая нацыянальная паэма, якую справядліва лічаць энцыклапедыяй жыцця беларускага сялянства, класічным творам нашай літаратуры, а перад усім таму, што гэта выдатная паэзія. Сам Якуб Колас лічыў яе асноўнай паэмай ва ўсёй сваёй паэтычнай творчасці.
Майсей Кульбак - сярод найбольш значных беларуска-яўрэйскіх пісьменнікаў, якія пісалі на мове ідыш, што ў 1920-я гады была адной з афіцыйных моваў БССР. Жыццёвы шлях Кульбака трагічна абарваўся 29 кастрычніка 1937 года, калі былі расстраляныя 22 беларускія літаратары. Раман "Зельманцы" - гэта Атлантыда тагачаснага яўрэйскага жыцця, непаўторна і шматфарбна паказанага праз гісторыю старасвецкага мінскага двара.
Чытач мае магчымасць увайсці ў Лабірынт самых неверагодных здагадак, азарэнняў, парадоксаў думкі, пабудаваны Вацлавам Ластоўскім, які стаў адным з самых яркіх дзеячаў беларускага нашаніўскага Адраджэння. Пісьменніка хвалявалі таямніцы быцця чалавека і цывілізацыі, адсюль ягонае захапленне эзатэрыкай, містыкай, парапсіхалогіяй. Адкрыццём новага жанру ў сусветнай літаратуры сталіся "Лабірынты". Што гэта - дэтэктыў, фантастыка, інтэлектуальная проза, містыка? Усё паказвае на нараджэнне новага, сінтэтычнага рамана, кшталту тых, што пазней стварыў Умберта Эка.
Янку Маўра, які найперш пісаў для юных чытачоў, можна лічыць у беларускай літаратуры заснавальнікам прыгодніцкага жанру.
Самая папулярная аповесць Маўра "Палескія рабінзоны" напісана ў найлепшых традыцыях раманаў Жуля Верна або Даніэля Дэфо. Героі нашага класіка Мірон і Віктар зачытваюцца кнігамі аб прыгодах і падарожжах, захапляюцца батанікай і заалогіяй, мараць пра далёкія вандроўкі і экзатычныя краіны.
Імя Івана Мележа застанецца ў нацыянальнай і сусветнай літаратуры дзякуючы створанай ім эпічнай "Палескай хроніцы" - глыбокаму філасофска-мастацкаму асэнсаванню жыцця Беларусі ў пераломныя 1920-1930-я гады.
Эпічная паэма "Пан Тадэвуш" пісалася ў 1832-1834 гадах у Парыжы, дзе паэт жыў у эміграцыі. Дзеянне паэмы адбываецца на працягу 5 дзён у 1811 годзе і аднаго дня ў 1812-м на берагах Нёмана перад нашэсцем Напалеона на Расію.
Як захапляльны прыгодніцкі раман чытаюцца ўспаміны наваградскай лекаркі Саламеі Пільштыновай. Аўтарка наведала шматлікія гарады і краіны, яе прымалі пры дварах турэцкага султана Махмуда І, расійскай імператрыцы Анны Іаанаўны, аўстрыйскага імператара Карла VІ, а таксама айчынных князёў Радзівілаў, Патоцкіх, Сангушкаў. Усё яе жыццё было поўнае нечаканасцей і авантураў, але прыродны розум, смеласць і знаходлівасць заўсёды дапамагалі ёй выходзіць з самых неверагодных і небяспечных сітуацый.
Кастусь Тарасаў неверагодна глыбока ведаў і адчуваў гісторыю - і яе матэрыяльны свет, і патаемныя рухі чалавечай душы. Раман "Пагоня на Грунвальд" прысвечаны гераічнаму змаганню нашых продкаў з агрэсіяй Тэўтонскага ордэна. Кульмінацыя кнігі - векапомная Грунвальдская бітва, у якой тэўтонцы былі ўшчэнт разбіты злучаным ліцвінска-польскім войскам.
Пошук па назьве тавару (назва і/або аўтар).
Не знайшлі патрэбнага тавару? Скарыстайце з пашыранага пошуку.