Місько Павел. Грот афаліны

Місько Павел. Грот афаліны
4.99 р.
Вага: 560 г
Памеры: 130x200 мм



Аповесць. – Мінск: Мастацкая літаратура, 2009. – 510 с. – (Бібліятэка школьніка).

ISBN 978-985-02-1080-7

Дзесьці ў акіяне раскінуліся астравы і атолы архіпелага, празванага Вясёлым. Ёсць там нават востраў Рай. Для багачоў, якія з'язджаюцца сюды з усіх куткоў свету і хочуць пазабавіцца, архіпелаг сапраўды здаецца вясёлым, а жыццё – райскім. Але не для карэнных жыхароў… Падзеі адбываюцца на зямлі і пад зямлёй, на вадзе і пад вадой. Героі – не толькі людзі, але і дэльфіны. Адзінаццацігадовы Янг, яго старэйшы брат Радж і іх сябры часта трапляюць у вельмі небяспечныя сітуацыі.

ЗМЕСТ

Частка першая. Вясёлы архіпелаг
Частка другая. Калі плачуць дэльфіны
Частка трэцяя. Грот афаліны


Частка першая. Вясёлы архіпелаг (урывак)

Чуткі пацвердзіліся: султан Муту (каб яму жыць яшчэ сто гадоў і ўсе сто ракам поўзаць!) прадаў іх востраў, іх любімы Біргус, амерыканцам за паўмільёна долараў. Казалі, быццам султану не хапала грошай на новыя ножны для крыса. А ножны не простыя – адлітыя з золата і ўпрыгожаныя брыльянтамі. Такі крыс – сімвал Вярхоўнай улады. Падобныя крысы ёсць толькі ў раджы Яго Вялікасці Вярхоўнага Правіцеля Малайзіі і ў брунейскага султана. Далёка Малайзія і Бруней, не адна тысяча кіламетраў. Той-сёй называў іншую прычыну продажу: любіў Муту наладжваць пышныя шэсці і прадстаўленні, вельмі падабалася, як неслі яго расквечаныя партрэты, вадзілі двух купленых для такіх урачыстасцей белых сланоў. Дык дзіва што будзе пустая казна!

Людзі сядзелі пад баньянам, Дрэвам Сходаў. Прыйшлі нават жанчыны і дзеці, хоць іх ніколі сюды не пускалі. Немаўляты і гадавалыя малышы былі ў мацярок на руках, гучна смакталі грудзі і зіркалі вачанятамі на людзей. На добры лад, то хіба тут месца жанчынам і дзецям? Тут толькі старэйшым мужчынам дазвалялася мудра маршчыніць ілбы і чухаць патыліцы.

Зноў і зноў змушалі хадакоў расказваць, як усё было на Галоўным востраве, у Свійттаўне, як іх прынялі ў султанавым палацы, што гаварылі. Ні стараста Ганеш, ні дзед Амос, ні дзядзька Амат не маглі нічога дадаць да свайго расказу. Усё здавалася дужа неймаверным, неверагодным, і ў людзей адымала мову. Зусім нядаўна англійская каралева падаравала архіпелагу самастойнасць. Утварыўся султанат, архіпелагам стаў кіраваць султан, а не англійскі губернатар. Але ж хіба для таго займеў султан уладу, каб распрадаваць архіпелаг па частках?! Хоць і многа ў ім астравоў, а з атоламі і атольчыкамі не адна сотня набярэцца, але ж куды дзецца людзям?

Янг чуў, як горача дыхае яму ў голыя плечы маці, гладзіць яго па галаве, супакойвае. А як ты супакоішся, калі і моладзь хвалюецца? Стаяць юнакі і дзяўчаты, падпёршы плечукамі карані-ствалы баньяна, і гудуць, гудуць...

–...Я чую, што вы зноў нам не верыце! – падслепаваты Ганеш загарачыўся, шапялявячы, запырскаў чырвонаю ад бетэлевай жвачкі слінаю. (Янгу здалося, што Ганешу яшчэ там, на Галоўным, стукнулі кулаком у зубы, і ён дасюль сыходзіць крывёю.) – Забіце мяне тут, пад гэтым дрэвам, калі не верыце! Я хачу памерці на сваёй зямлі... Хіба вы сталі сляпыя і глухія? Хіба вам зацягло бельмамі вочы, як мне? Няхай я ўжо кепска бачу, але ж затое добра чую і нюх маю. Паслухайце і вы! Паслухайце!..– Ганеш, ацішваючы людзей, падняў угору скурчаны палец, знявечаны некалі ўкусам змеепадобнай рыбы мурэны.

Не трэба было і сцішвацца. Ужо трэція суткі дзень і ноч, у некалькі змен вішчалі лябёдкі, раўлі і грукалі маторы, чуліся выкрыкі-каманды на англійскай мове. У бухце, якую стварыла лагуна іх вострава-атола, выгружалі ўсякія скрыні і скрынкі, а таксама вялізныя часткі машын, абабітыя з усіх бакоў дошкамі. Паўзлі бульдозеры, падобныя на танкі без вежаў і гармат, з велізарнымі адваламі-нажамі, скрэперы і экскаватары-пагрузчыкі, машыны-самазвалы. Скрыні і скрынкі згружалі з мотаботаў, розныя машыны – з матарызаваных пантонаў-пляцовак. Бульдозеры спаўзалі на бераг сваім ходам, ледзь толькі салдаты паспявалі замацаваць пантоны ды пакласці шырокія пандусы-з'езды. А на рэйдзе, за ўваходам у лагуну, стаяла самаходная аграмадзіна баржа, у карме яе адкінулася, як пад'ёмны мост, сценка, зеўрала цёмная чатырохкантовая дзіра. 3 палубы баржы і з яе бяздоннага чэрава і браліся ўся гэтая тэхніка і скрыні. Чужынцы спяшаліся, мо баяліся, каб султан не перадумаў, не пачаў патрабаваць назад купчую паперу.

 

Павел Місько – беларускі пісьменнік, празаік, паэт, публіцыст. Нарадзіўся ў сялянскай сям'і. Скончыў філалагічны факультэт БДУ (1955). Працаваў адказным сакратаром, намеснікам рэдактара давыд-гарадоцкай раённай газеты "Сцяг Леніна". У 1959-64 – уласны карэспандэнт газеты "Звязда" па Гродзенскай вобласці, у 1964-67 – літсупрацоўнік "Сельской газеты", у 1967-71 – загадчык аддзела культуры рэдакцыі штотыднёвіка "Літаратура і мастацтва", у 1971-72 – загадчык аддзела навукі і мастацтва часопіса "Полымя". З 1972 – загадчык рэдакцыі прозы, у 1976-80 – намеснік галоўнага рэдактара выдавецтва "Мастацкая літаратура".

Артыкул пра аўтара ў Вікіпедыі.


Раім таксама паглядзець:
Серж Мінскевіч. Сад замкнёных гор
6.90 р.

Серж Мінскевіч. Сад замкнёных гор

У кнігу ўвайшлі выбраныя творы беларускага фантаста Сержа Мінcкевіча. Раман “Сад Замкненых Гор”, які даў назву кнізе, складаецца з дзвюх частак — аднайменнага квазі-фэнтэзі і касмічнага фэнтэзі “Забаўкі для малодшых”, у якіх, безумоўна, захоўваецца стрыжань прыгодніцкага рамана з элементамі баявой фантастыкі.

Місько Павел. Прыгавораны да жыцця
3.99 р.

Місько Павел. Прыгавораны да жыцця

У новую кнігу прозы Паўла Місько ўвайшлі творы, якія былі напісаныя ў канцы 1980-х – пачатку 1990-х гг. і адлюстроўвалі псіхалогію чалавека на пераломе гісторыі. Рэальнае ў іх пераплятаецца з фантастычным, а фантастычнае – з антыутопіяй. Аповесці, дзеянне якіх адбываецца на абшарах ад чарнобыльскай вёскі да далёкіх планет, не пакінуць абыякавымі аматараў вострых адчуванняў, а таксама тых, хто знудзіўся па дабраякаснай прозе.

Станкевіч Юры. П'яўка
3.34 р.

Станкевіч Юры. П'яўка

У цэнтры наватарскага твора-прытчы, напісанага аўтарам у звыклай для яго дакладнай і жорсткай форме, – магчымы лёс краіны, а таксама лёс дваіх закаханых, што спрабуюць супрацьстаяць цёмным сілам жыцця.