Фестываль «Камяніца 2017»

16 верасня пад Мінскам адбудзецца дзявяты міжнародны фестываль "Камяніца", арганізатарамі якога з'яўляюцца "Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту", "Грай Кафэ" і кампанія PRASTORA.BY. Генеральным партнёрам фестывалю з’яўляецца Банк "БелВЭБ".

Камяніца-2017

На галоўнай сцэне сёлета выступяць: гурт ONUKA (Украіна), Theodor Bastard (Расія), Shuma (Беларусь) і The Doox (Украіна). Таксама на галоўнай сцэне выступяць беларускія гурты "Нагуаль", Shaman Jungle і "Варган".

Камяніца-2017

Другая сцэна фестывалю будзе цалкам прысвечана аўтэнтычнаму беларускаму фальклору, які прагучыць у выкананні ансамбляў «Рада», «Мярэжа», «Горынь» і Патрыцыі Свіцінай. Гэта пляцоўка будзе працаваць у перапынках паміж выступамі артыстаў галоўнай сцэны, дазваляючы зрабіць музычную праграму мерапрыемства неперарыўнай.

Паслядоўнаць выступаў:

Музычную праграму фестывалю ў 12:00 распачне малая сцэна, прысвечаная аўтэнтычнаму беларускаму фальклору. Першым выступіць ансамбль «Рада», далей Патрыцыя Свіціна, «Мярэжа», «Горынь». Малая сцэна скончыць працу ў 17:30.

Галоўная сцэна адчыніцца ў 13:00 выступам фолк-гурта «Варган». Працягнуць праграму «Нагуаль», The Doox (Украіна), Shaman Jungle. Пасля гэтага найдыйдзе чарга хэдлайнераў: Theodor Bastard (Расія), Onuka (Украіна) ды Shuma (Беларусь). Выступы завершацца ў 22:00.

Акрамя гэтага аматараў аўтэнтычнага фальклору ў 15:00 у царкве чакае канцэрт «Аўтэнтычныя спевы Палесся», у якім возьмуць удзел два ансамблі сапраўдных бабуль з поўдня Беларусі. Наймалодшай удзельніцы iмпрэзы 63 гады, найстарэйшай – 80 год.

А ў 18:00 на галоўнай сцэне адбудзецца адзін з галоўных момантаў фестывалю. Разам з праектам «Спеўны сход» і вакалістам Vuraj Сяргеем Доўгушавым усе прысутныя заспяваюць некалькі традыцыйных беларускіх песень.

Акрамя музыкі гледачоў чакае вялікі кірмаш народных промыслаў, майстар-класы рамеснікаў, вясковыя забавы, выставы мастакоў і фатографаў.

Фестывальная мапа

Фестывальны кірмаш пачне працу ў 12:00. У ім прымуць удзел больш 50 народных майстроў. Гледачоў чакаюць майстар-класы ад ганчароў, кавалёў, ткачоў, а таксама шмат кропак з гатовай прадукцыяй.

У 12:00 пачнуць сваю працу і забаўляльныя пляцоўкі. Сярод іх народныя гульні (лапта, рыбак, пекар, пальчатка), народныя танцы, а таксама скаладром, лучны і арбалетны цір, тралей, катанне на квадрацыклах, конях, авіападарожжа над музеем на мотадэльтаплане.

Для дзяцей створана адмысловая праграма: майстар-класы па пляценні з саломы, лепцы з гліны, маляванні, а таксама шоў мыльных бурбалак, кантактны заапарк, тэлескопы і інш.

Падчас фестывалю будуць працаваць выставы «Традыцыйныя музычныя інструменты», «Вясельныя строі маладога і маладой». Таксама можна будзе пазнаёміцца з творчасцю мастакоў Васіля Пішкуна, Ганны Сілівончык, Алеся Шатэрніка.

Як даехаць на "Камяніцу"? Вельмі проста!
Машынай ці роварам: Музей народнай архітэктуры і побыту,
вёска Азярцо, 4 км ад МКАД за аўтарынак "Малінаўка". Для ровараў будзе асобная паркоўка, магчымасць заехаць на тэрыторыю фэста.
Аўтобусам: ад мятро "Малінаўка" (прыпынак у бок МКАД). Будуць і бясплатныя, і сімвалічна платныя аўтобусы кожныя 15-20 хвілін.

Папярэдне квіткі каштуюць да 10 рублёў (дарослы), у дзень фестывалю кошт будзе 15 рублёў (дарослы). Усе грошы ад квіткоў ідуць на рахункі музея, дапамагаючы захоўваць унікальную калекцыю аўтэнтычнай беларускай драўлянай архітэктуры 18-20 стагоддзяў, сабраную ў розных рэгіёнах краіны.

Папярэдні продаж:
"Bycard"
"SMSbilet.by"

Для дзяцей дашкольнага ўзросту ўваход бясплатны.

Інфалінія: +375 29 363 76 85, +375 29 856 42 01, +375 17 209 41 63.

Гурт ONUKA (Украіна)

Камяніца-2017

Адзін з галоўных сімвалаў сучаснай украінскай музыкі, чый сплаў электронікі, фолку і духавых інструментаў уразіла нават брытанскі New Musical Express. Пасля выступу ў якасці гасцей фінала «Еўрабачання — 2017» у Кіеве запісы гурта апынуліся ў хіт-парадах iTunes у Вялікабрытаніі, Нямеччыне, Польшчы, Нідэрландах, Даніі, Швецыі, Бельгіі, Францыі, Швейцарыі і Аўстраліі.

Камяніца-2017

Theodor Bastard (Расія)

Камяніца-2017

Гурт створаны ў 1996 годзе і з’яўляецца адным з галоўных расійскіх прадстаўнікоў world music. Візітная картка калектыва — голас вакалісткі Яны Вевы, якая таксама з’яўляецца аўтарам шэрагу песень. Акрамя Расіі альбомы Theodor Bastard выдаваліся ў Германіі, Турцыі, Мексіцы ды Аргенціне. Калектыў выступаў на фестывалях у Германіі, Венгрыі, Румыніі, Літве і іншых краінах Еўропы.

Камяніца-2017

Shuma (Беларусь)

Камяніца-2017

Музыкі называюць свой стыль digital archaica, бо ён яднае беларускія народныя песні і сучасныя электронныя гучанні. Абодва студыйныя альбомы калектыва — «Жніво» (2015) і «Сонца» (2016) — атрымалі высокія адзнакі ад беларускіх і замежных крытыкаў. Акрамя таго яны прынеслі гурту шмат узнагарод, сярод якіх «Альбом года» па версіі Experty.by (2016). У актыве Shuma выступы ў ЗША, Польшчы, Фінляндыі, Украіне, Літве.

Камяніца-2017

The Doox (Украіна)

Камяніца-2017

Малады этна-рокавы калектыў, вядомы сваімі апрацоўкамі народных песень з розных куткоў Украіны. У іх аднолькава ўдала атрымліваюцца меладычныя балады і дынамічныя нумары. Увясну 2017 музыкі выдалі дэбютны альбом «Дерево». Удзельнікі ўсіх галоўных украінскіх фэстаў, у тым ліку: «Країна мрій», «Трипільське коло», Atlas Weekend.

Камяніца-2017