Набокаў Уладзімір. Лаліта / Астаф'еў Віктар. Вясёлы салдат

Набокаў Уладзімір. Лаліта / Астаф'еў Віктар. Вясёлы салдат
7.99 р.
Вага: 620 г
Памеры: 175x245 мм



Раман. – Мінск : Логвінаў, 2010.

ISBN 978-985-6901-91-4

Раманы "Лаліта" і "Вясёлы салдат" ў перакладзе на беларускую мову. Перакладчык Андрэй Каляда.

ЗМЕСТ

Уладзімір Набокаў. Лаліта
Прадмова
Частка I
Частка II
Пра кнігу, азагалоўленую "Лаліта"
Пастскрыптум да рускага выдання

Віктар Астаф'еў. Вясёлы салдат
Частка першая. Салдат лечыцца
Частка другая. Салдат жэніцца
Пра перакладчыка


Прадмова

"Лаліта, Споведзь Светласкурага Удаўца":такая была дваістая назва, пад якой аўтар гэтай нататкі атрымаў дзіўнаваты тэкст, на чале з ёю. Сам "Гумберт Гумберт" памёр у турме, ад закупоркі аорты, 16 лістапада 1952 г., за некалькі дзён да пачатку судовага разбору сваёй справы. Яго абаронца, мой сваяк і добры сябар Клэрэнс Кларк (цяпер ён адвакат, прыпісаны да Калумбійскага Акруговага Суда), папрасіў мяне прарэдагаваць манускрыпт, грунтуючыся на завяшчанні свайго кліента, адзін пункт якога ўпаўнаважваў майго паважанага кузена прыняць паводле свайго меркавання ўсе меры, якія тычыліся падрыхтоўкі "Лаліты" да друку. На рашэнне спадара Кларка, мажліва, паўплываў той факт, што выбраны ім рэдактар якраз толькі што ўдастоіўся прэміі імя Полінга за сціплую працу ("Ці можна спачуваць пачуццям?"), у якой трапілі на абмеркаванне некаторыя паталагічныя станы і парушэнні.

Маё задание аказалася прасцейшае, чым мы з ім думалі. Калі не лічыць выпраўлення відавочных апісак ды стараннага вынятку некаторых учэпістых дэталяў, якія, нягледзячы на стараннасць самога "Г.Г.", яшчэ ацалелі ў тэксце як вехі і помнікі (указальнікі мясцовасцяў і людзей, якія дзеля прыстойнасці, патрэбна абысці маўчаннем, а дзеля чалавекалюбства – пашкадаваць), можна лічыць, што гэтыя надзвычайныя нататкі пададзены амаль непарушнымі. Вычварны псеўданім іх аўтара – яго ўласная выдумка; і зразумела, што гэта маска – праз якую як быццам гараць гіпнатычныя вочы – павінна была застацца на месцы адпаведна жаданню яе носьбіта. Між тым як "Гейз" усяго толькі рыфмуе з сапраўдным прозвішчам гераіні, яе першае імя занадта цесна ўплятаецца ў патаемную тканіну кнігі, каб яго можна было замяніць; зрэшты (як чытач сам пераканаецца), у гэтым няма і фактычнай неабходнасці. Цікаўныя могуць знайсці звесткі пра забойства, учыненае "Г.Г.", у газетах за верасень- кастрычнік 1952 г.; яго прычыны і мэта працягвалі б заставацца тайнай, калі б гэтыя мемуары не трапілі ў светлавы круг маёй настольнай лямпы.

Каб дагадзіць старамодным чытачам, якія цікавяцца далейшым лёсам "жывых узораў" за небасхілам "праўдзівай аповесці", магу прывесці некаторыя ўказанні, атрыманыя ад спадара "Віндмюлера" з "Рамздэля", пажадаўшым застацца неназваным, каб "даўжэзны цень сумнай і бруднай гісторыі" не дацягнуўся да таго гарадка, у якім ён мае гонар жыць. Яго дачка "Луіза" цяпер студэнтка-другакурсніца. "Мона Даль" вучыцца ва універсітэце ў Парыжы. "Рыта" нядаўна выйшла замуж за гаспадара гасцініцы ў Фларыдзе. Жонка "Рычарда Скілера" памерла падчас родаў, нарадзіўшы мёртвую дзяўчынку, 25 снежня 1952 г., у далёкім паўночна-заходнім пасяленні Шэрай Зорцы. Спадарыня Вівіян Дамор-Блок (Дамор – па сцэне, Блок – па адным з першых мужоў) напісала біяграфію былога таварыша пад каламбурнай назвай "Кумір мой", якая хутка павінна выйсці ў свет; крытыкі, якія ўжо пазнаёміліся з манускрыптам, гавораць, што гэта лепшы яе твор. Вартаўнікі могілак, якія так ці інакш згадваюцца –з мемуарах "Г.Г.", не паведамляюць, ці ўстае хто з магілы.

Для чытача, які разглядае "Лаліту" проста як раман, сітуацыі і эмоцыі, у ім апісаныя, засталіся б раздражняльна-няяснымі, калі б яны былі абясколераны пошлымі алегорыямі. Па праўдзе кажучы, ва ўсім творы нельга знайсці ніводнага непрыстойнага выказвання; скажу болей: здаравяка-філістэр, прывучаны сучаснай умоўнасцю прымаць без усякай грэблівасці цэлы россып вульгарных слоўцаў у самым банальным амерыканскім ці ангельскім рамане, будзе вельмі шакіраваны адсутнасцю такіх у "Лаліце". Калі ж, дзеля супакаення гэтага парадаксальнага ханжы, рэдактар паспрабаваў бы разбавіць ці выкінуць тыя сцэны, якія пры пэўным накірунку думак могуць здацца "спакуслівымі" (глядзі гістарычнае рашэнне, прынятае высокашаноўным суддзёй Джонам Вульсі б снежня 1933 г. наконт іншай, значна больш адкрытай кнігі), давялося б увогуле адмовіцца ад надрукавання "Лаліты", бо менавіта тыя сцэны, у якіх пусты сараматнік мог бы ўгледзець адвольную пачуццёвасць, на самой справе з'яўляюцца канструктыўна неабходным элементам у развіцці трагічнай аповесці, што няўхільна рухаецца да таго, што толькі і можна назваць маральным апафеозам. Цынік скажа, што на тое ж прэтэндуе і прафесійны парнограф; эрудыт запярэчыць, што страсная споведзь зводзіцца да буры ў прабірцы; што кожны год не меней чым 12% дарослых амерыканцаў мужчынскага полу, – па сціплых падліках, калі паверыць д-ру Біянцы Шварцман (запазычаю з прыватнага паведамлення) – праходзіць праз той асаблівы вопыт, які "Г. Г." апісвае з такім адчаем; і што пайдзі наш звар'яцелы мемуарыст у тое фатальнае лета 1947 года да кампетэнтнага псіхапатолага, ніякай бяды не здарылася б. Усё гэта так, але ж тады не было б гэтай кнігі.

Хай даруецца гэтаму каментатару, калі ён паўторыць яшчэ раз тое, на чым ён ужо неаднаразова настойваў у сваіх уласных працах і лекцыях, а менавіта, што "непрыстойнае" бывае часта раўназначнае "незвычайнаму". Вялікі твор мастацтва заўсёды арыгінальны; ён па самой сваёй сутнасці павінен ашаламляць і здзіўляць, гэта значыць "шакіраваць". У мяне няма ніякага жадання праслаўляць спадара "Г. Г.". Няма сумнення ў тым, што ён агідны, што подлы, што ён з'яўляецца яскравым прыкладам маральнай праказы, што ў ім паяднаны лютасць і гуллівасць, якія, магчыма, і сведчаць пра найглыбейшыя пакуты, але не дадаюць прывабнасць некаторым яго выказванням. Яго дзівакаватасць, безумоўна, цяжкаватая. Многія яго выпадковыя водгукі пра жыхароў і прыроду Амерыкі смешныя. Адчайная сумленнасць, што трымціць у яго споведзі, ні ў якім разе не вызваляе яго ад адказнасці за д'ябальскую вытанчанасць. Ён ненармальны. Ён не джэнтльмен. Але з якім чараўніцтвам пявучая яго скрыпка абуджае ў нас пяшчотнае спачуванне Лаліце, прымушаючы нас зачытвацца кнігай, нягледзячы на тое, што мы адчуваем агіду да аўтара!

Як апісанне клінічнага выпадку, "Лаліце" несумненна суджана стаць адным з класічных твораў псіхіятрычнай літаратуры, і можна паручыцца, што праз дзесяць гадоў тэрмін "німфеткі" будзе ў слоўніках і газетах. Як мастацкі твор "Лаліта" далёка выходзіць за межы пакаяннай споведзі; але значна больш важным, чым яе навуковае значэнне і мастацкая каштоўнасць, мы павінны прызнаць маральнае яе ўздзеянне на сур'ёзнага чытача, бо гэты пакутлівы аналіз адзінкавага выпадку змяшчае ў сабе і агульную мараль. Беспрытульная дзяўчынка, занятая сабою маці, маньяк, які задыхаецца ад юру, – усе яны не толькі маляўнічыя персанажы адзінай у сваім родзе аповесці; яны, апроч таго, нас папярэджваюць пра небяспечныя ўхілы; яны паказваюць на магчымыя бедствы. "Лаліта" павінна б прымусіць нас усіх – бацькоў, сацыяльных работнікаў, педагогаў – з большай пільнасцю і праніклівасцю аддацца справе выхавання больш здаровага пакалення ў больш надзейным свеце.


Раім таксама паглядзець:
Бунін Іван. Выбранае
4.49 р.

Бунін Іван. Выбранае

Кнігу выбраных твораў класіка рускай літаратуры, лаўрэата Нобелеўскай прэміі ў галіне літаратуры 1933 г. І. А. Буніна склалі пераклады на беларускую: 75 апавяданняў, 3 аповесці, раман "Жыццё Арсеньева", а таксама "Аўтабіяграфічная нататка", "З інтэрв'ю", "Прамова на юбілеі газеты "Русские ведомости", "Як я пішу", "Нобелеўскія дні", "З запісаў".

Каляда Андрэй. Расповяды пра каханне
19.99 р.

Каляда Андрэй. Расповяды пра каханне

Пераклады на беларускую мову выбраных твораў (апавяданні, аповесці) рускіх і савецкіх класікаў – ад Мікалая Карамзіна, Аляксандра Пушкіна і Івана Тургенева да Канстанціна Паўстоўстага, Максіма Горкага і Антона Чэхава. Пераклад Андрэя Каляды.

Кобец Рыгор. Выбраныя творы
8.99 р.

Кобец Рыгор. Выбраныя творы

У кнігу ўвайшлі кінасцэнарыі Р. Кобеца, якія ў Беларусі ніколі не друкаваліся, хоць і леглі ў аснову знакамітых фільмаў ("Двойчы народжаны", "Шукальнікі шчасця" і інш.), а таксама лісты з ссылкі, артыкулы, успаміны, ліставанне з роднымі, сябрамі, успаміны сучаснікаў.