Масляніцына Ірына, Багадзяж Мікола. Беларусь далетапісная

Масляніцына Ірына, Багадзяж Мікола. Беларусь далетапісная
3.39 р.
Вага: 290 г
Памеры: 125x170 мм



Гістарычныя нарысы / мастак Арлен Кашкурэвіч. – Мінск : Літаратура і Мастацтва, 2010. – 224 с. : іл.

ISBN 978-985-6720-9

Прынята лічыць, што персаніфікаваная гісторыя Беларусі пачынаецца з імёнаў полацкага князя Рагвалода і яго дачкі Рагнеды, якія жылі ў Х стагоддзі. Але гэта не так.

Здзейсніць займальнае падарожжа ў мінулае, пазнаць імёны далёкіх нашых продкаў і акунуцца ў падзеі, якія прынеслі ім славу, запрашаюць чытача аўтары гэтай кнігі. Загадкавы народ неўраў, таямнічая зямля Оўм, ваяўнічая Арта, адважныя дрыгавічы, якія здзейснілі набег на Царград, – вось толькі некалькі старонак ранняй гісторыі беларусаў, якія варта ведаць нам і нашым дзецям.

ЗМЕСТ

Падарожжа ў тумане
Таргітай – сын Прыпяці
Скрэва, прамаці крывічоў
Няўрыда – краіна ваўкалакаў
"Дзікі, але мужны народ"
Вандраванне апостала
Сага пра Вальдэмара Полацкага
Кій – герой усходніх славян
Ад племені доблесных
Яны прыйшлі апошнімі
Далёкія паходы Хагана
Палеская Атлантыда
Аб градзе Іскарасцене і князі драўлян Мале
Княгіня-здань
"Залаты век" Рагвалода і Тура
Рагнеда – сімвал Беларусі
Дачка князя Тура
Спіс выкарыстанай і прапануемай літаратуры

Падарожжа ў тумане (замест прадмовы)

Аднойчы ў прыватнай размове аўтарам гэтай кнігі давялося пачуць выказванне: "У той час, калі цывілізаваная Еўропа ўзводзіла гарады і хадзіла ў крыжовыя паходы вызваляць Труну Гасподнюю, нашы продкі апраналіся ў звярыныя шкуры і высвятлялі паміж сабою стасункі пры дапамозе дубіны". Было вельмі крыўдна, і не столькі за беспадстаўна абражаных продкаў, колькі за нашчадкаў, якія робяць сёння гэткія заявы, цалкам ўпэўненыя ў іх праўдзівасці.

Беларусь далетапісная. Ілюстрацыя да раздзелу ''Таргітай – сын Прыпяці''

І сапраўды, якія высновы прыходзяць на розум чалавеку, які сёння звернецца за ведамі пра мінулае свайго парода – любога з трох усходнеславянскіх – да падручніка гісторыі, гістарычнай энцыклапедыі, даведніка? Што гісторыя ўсходніх славян пачалася ў IX стагоддзі з легендарнага закліка трох братоў-варагаў Рурыка, Сінявуса і Трувора "правіць Руссю" з нагоды таго, што "зямля ў нас багатая, парадку толькі няма". Што ж было да іх прыходу? У неспрактыкаванага чытача ствараецца ўражанне, што нічога істотнага. Жылі, маўляў, продкі плямёнамі, кіравалі імі старэйшыя ў родзе альбо веча. Да IX стагоддзя пабудавалі некалькі гарадоў. Іншы раз сварыліся плямёны адно з адным, а то аб'ядноўваліся, каб адбіць напад іншых. Але ні выдатных асоб, ні вартых падзей быццам бы і не было.

Цяжка адказаць, чаму на працягу многіх стагоддзяў вучонымі мужамі замоўчвалася ад народа праўда. А менавіта тое, што і да Рурыка з яго варажскімі братамі ва ўсходніх славян была цікавая, насычаная гісторыя з датамі, героямі, вялікімі перамогамі, горкімі паразамі, бясконцай барацьбой за сваю свабоду, права на самасвядомасць, за існаванне, урэшце. Магчыма, віной гэтаму празмерная педантычнасць і прыхільнасць традыцыям.

Першыя ўсходнеславянскія летапісы пачалі весціся ў X стагоддзі. Іх пісалі манахі, у светапоглядзе якіх уласна гісторыя нярэдка атаясамлялася з гісторыяй хрысціянства. Хрышчанне Русі яны ўяўлялі пачаткам адліку новага часу, крокам у цывілізацыю з цемры невуцтва. Ці трэба тлумачыць у сувязі з гэтым, чаму дахрысціянскае мінулае зусім не цікавіла іх? А даследчыкі, што жылі пазней, успрымаючы летапісы як самыя пэўныя сведчанні мінулага, не прынялі да ўвагі гэтыя абставіны і палічылі, што змаўчанне манахаў аб гістарычных падзеях, якія адбываліся ва ўсходніх славян у дахрысціянскую эпоху, азначае толькі тое, што значных сярод іх не было. Калі ж летапісец у выглядзе выключэння раптам прыводзіў больш-менш складны аповед пра якога-небудзь з герояў усходнеславянскай старажытнасці, што жыў да IX стагоддзя, яго абвяшчалі легендай. Гэтак паступова склалася традыцыйная гістарычная канцэпцыя.

І ўсё роўна дзіўна. Бо ўважліва вывучаючы нават рускія летапісы, параўноўваючы іх, за шэрагам збеглых нататак, абмовак і спасылак, ужо можна пабачыць цень той нашай гісторыі, якая нам, сённяшнім, практычна невядома. А калі ўлічыць, што пэўныя звесткі аб падзеях і людзях, якія жылі на нашай зямлі ў часы далетапісныя, можна запазычыць і з іншых крыніц, якіх на сённяшні дзень вядома не так ужо і мала, то для даследчыка-энтузіяста становіцца цалкам магчымым аднаўленне многіх цікавейшых эпізодаў нашага ранняга мінулага. Акрамя таго, што нашы продкі самі пісалі пра сябе, сведкамі іх дзеянняў выступалі таксама і іх шматлікія суседзі, як блізкія, так і далёкія.

У апошнія гады шмат што ў гэтым кірунку робіцца расійскімі і ўкраінскімі гісторыкамі. Натхнёныя іх распачынаннямі, мы вырашылі зрабіць спробу аднаўлення далетапіснай гісторыі Беларусі. У гэтым нам дапамаглі цудоўныя крыніцы, найбольш каштоўныя з якіх мы хацелі б прадставіць чытачу.

Герадот "Мельпамена". Наўрад ці знойдзецца сёння чалавек, які, сур'ёзна захапляючыся мінулым, скажа, што яму невядома імя гэтага старажытнагрэчаскага навукоўца, названага ўдзячнымі нашчадкамі "бацькам гісторыі". Герадот жыў у V стагоддзі да нашай эры, шмат падарожнічаў, наведаў Вавілон, Фінікію, Егіпет, Кірэну, Фракію, Сіцылію, узбярэжжа Чорнага мора. Асноўная яго гістарычная праца – гіганцкі твор, прысвечаны грэка-персідскім войнам (500 – 449 гг. да н. э.). У ім Герадот апісвае гісторыю краін і народаў Персідскай дзяржавы, іх побыт і культуру, дае геаграфічныя звесткі і першае сістэматызаванае апісанне жыцця і побыту скіфаў, а таксама таямнічага народа неўраў, які жыў у басейне Прыпяці. Назва Герадотавай працы не захавалася. Пазней яго паслядоўнікі падзялілі твор на дзевяць кніг і кожную назвалі імем адной з дзевяці муз грэчаскай міфалогіі. Чацвёртая кніга –"Мельпамена" – прысвечана Скіфіі і яе наваколлям. Гэта самая ранняя пісьмовая крыніца звестак аб насельніцтве тэрыторыі Беларусі, з якім звязваюць Герадотавых неўраў.

Іярдан "Гетыка". Гэта – галоўная праца гоцкага гісторыка VI стагоддзя, які распачаў сваю біяграфію на службе ў аланскага военачальніка і скончыў епіскапам. Іншая яе назва – "Аб паходжанні і дзеяннях готаў". У кнізе выкарыстаны багацейшы пісьмовы і вусны (гоцкія народныя легенды і паданні) матэрыял, які дае магчымасць даследчыкам скласці цэласнае ўяўленне аб перыядзе гэтак званага Вялікага перасялення народаў. У ліку іншых, у Іярдана ёсць таксама цікавыя сведчанні аб землях беларускага Палесся, званых ім "зямлёй Оўм".

Ібн Хордадбег "Кніга шляхоў і дзяржаў". Геаграфічная праца гэтага перса – першы твор падобнага зместу, які дайшоў да нашага часу на арабскай мове. Напісаны ён быў ў сярэдзіне IX стагоддзя. У кнізе Ібн Хордадбега шмат цікавых дадзеных аб сучасных яму ўсходніх славянах, якія аўтар запазычыў з іх жа аповедаў, сустракаючыся з нашымі купцамі, што падарожнічалі ў Багдад. Сам Ібн Хордадбег быў кіраўніком пошты ў вобласці Джэбэл, праз якую праходзіў сухапутны шлях з горада Рэя на ўзбярэжжы Каспійскага мора ў Багдад.

Аль Масудзі "Залатыя лугі". А дна з сямі гісторыка-геаграфічных прац, напісаных у першай палове X стагоддзя арабскім купцом, географам, гісторыкам і падарожнікам, які пабываў нават у Хазарыі. 3 усіх яго прац захаваліся толькі дзве. Гэты твор мае цэлы раздзел, прысвечаны апісанню жыцця і побыту славян. Аўтар называе адзінаццаць славянскіх плямёнаў. Аль Масудзі заслужана звалі "Герадотам Усходу".

Персідскі Ананім "Кніга межаў ад Усходу на Захад". Імя аўтара гэтай унікальнай працы, назва якой у арыгінале гучыць як "Худуд-аль-Алем" (часам у творах даследчыкаў яна праходзіць менавіта пад гэтай назвай), усталяваць не атрымалася. Вядома, што жыў ён у X стагоддзі. Каштоўны рукапіс быў выпадкова выяўлены ў Бухары ў 1892 годзе рускім навукоўцам А. Г. Туманскім, які шукаў там астранамічныя працы хана Улугбека. У "Кнізе межаў ад Усходу на Захад" нямала старонак прысвечана ўсходнім славянам. Кніга з'яўляецца цудоўным узорам кампілятыўнага твора. У ёй скарыстаны і супастаўлены тэксты геаграфічных прац многіх папярэднікаў аўтара, у тым ліку і ўслаўленага персідскага навукоўца Аль Балхі з яго кнігі, якая не захавалася.

Ібн Хаукаль "Геаграфія арыенціраў". У кнізе гэтага арабскага аўтара X стагоддзя падрабязна апісаны гарады, норавы, звычаі тых народаў, з якімі сустракаліся арабскія купцы і вандроўнікі ў сваіх падарожжах. Задуманая як своеасаблівы даведнік для землякоў, якія адпраўляюцца ў далёкі шлях, сёння яна дапамагае даследчыкам гісторыі тых народаў, аб якіх піша Ібн Хаукаль.

Аль Ідрысі "Асалода тых, якія вандруюць вакол святла". Над гэтым вялізным па аб'ёме творам арабскі навуковец XII стагоддзя працаваў пятнаццаць гадоў. Атрымаўшы адукацыю ў Еўропе, у іспанскім горадзе Кардове, Аль Ідрысі жыў потым і пісаў свае кнігі на Сіцыліі. Меў велізарную бібліятэку, дзе было мноства геаграфічных прац усходніх аўтараў, што жылі ў больш раннія поры, у тым ліку і працы вядомага географа пачатку X стагоддзя Джейхані, якія не дайшлі да нас. Аль Ідрысі меў магчымасць, супастаўляючы, правяраць дадзеныя, якія прыводзіліся ў іх. Звесткі аб усходніх славянах у яго кнізе вельмі каштоўныя для даследчыкаў ранняга перыяду нашай гісторыі.

"Тыфліскі рукапіс". Гэта – умоўная назва вялікага манускрыпта XI стагоддзя, які ў самым пачатку нашага стагоддзя патрапіў у царкоўны музей Грузінскага экзархата з Тыфліскага Сіёнскага сабора. Нягледзячы на вельмі цікавую гістарычную фактуру, у тым ліку і аб славянах, рукапіс дагэтуль нідзе не надрукаваны, і мы маем магчымасць выкарыстоўваць толькі цытаты з яго, перакладзеныя на рускую мову ў 1901 годзе для часопісаў "Вестник Всемирной истории" і "Византийский Временник".

"Жыціе Дзмітрыя Салунскага". На сённяшні дзень існуе некалькі варыянтаў (больш кароткія, пашыраны ў сувязі з занесенымі дадаткамі і г. д) гэтага помніка хрысціянскай літаратуры, напісанага невядомым аўтарам у эпоху ранняга сярэднявечча. Хоць галоўная тэма твора – жыццё, смерць і пасмяротныя цуды візантыйскага святога, у "Жыціі" прысутнічаюць важныя гістарычныя звесткі аб усходніх славянах, у прыватнасці, аб нашых продках дрыгавічах.

"Сага аб Тыдрыку Бернскім". Гэты гістарычны твор, створаны сярод германамоўных народаў, мабыць, у V стагоддзі, і які атрымаў пасля шырокае распаўсюджванне ў многіх заходнееўрапейскіх краінах, быў запісаны толькі ў XIII стагоддзі. Таму на рэальныя гістарычныя факты, датычныя ўзаемаадносін готаў з князямі ўсходнеславянскіх гарадоў, у ліку якіх быў і Полацак, напластаваліся некаторыя чыста эпічныя дэталі.

Быліны. У адрозненне ад казак, што ствараліся ў народзе ўсё больш з мэтай забаўкі і прыкладнага павучання дзяцей, быліна апавядала пра падзеі, якія калісьці рэальна адбываліся. Улічыўшы пэўную долю ўмоўнасці быліннага аповеду, можна выкарыстаць некаторыя з іх у якасці каштоўнага гістарычнага матэрыялу адносна раннесярэднявечнага перыяду гісторыі ўсходніх славян.

"Магілёўская хроніка". Напісана на польскай мове ў XVII стагоддзі купцом Трафімам Суртой, перапісана з занясеннем неабходных выпраўленняў і дадаткаў у XVIII стагоддзі рэгентам Магілёўскай гарадской канцылярыі Юрыем Трубніцкім. Хроніка з'яўляецца вельмі падрабязнай, непасрэдна і нетрадыцыйна выкладзенай гісторыяй другараднага беларускага горада, пачынаючы з яго далетапіснай перадгісторыі. І менавіта ў сілу гэтага заслугоўвае пільнай увагі даследчыкаў.

"Віцебскі летапіс". На самой справе летапісам гэтая праца, напісаная, як і "Магілёўская хроніка", на польскай мове, не з'яўляецца. Першапачатковая назва яе –"Гісторыя горада Віцебска". Створана яна была ў XVIII стагоддзі дзякуючы энтузіязму чатырох віцебскіх гараджан: Міхала Панцырнага, Яна Чарноўскага, Гаўрылы і Стэфана Аверак. Самую вялікую частку працы зрабіў Міхал Панцырны, які напісаў аб усіх найбольш значных падзеях з жыцця роднага горада да 1709 года. Форму старажытнарускага летапісу твору надаў Стэфан Аверка, аб'яднаўшы з кнігай Панцырнага кароткія запісы свайго бацькі Гаўрылы Аверкі, а таксама запісы Яна Чарноўскага. У "Віцебскім летапісе" змяшчаецца нямала цікавых звестак пра раннюю гісторыю беларусаў, якія нідзе больш не сустракаюцца.

"Вялесава кніга" – самая вялікая па аб'ёме крыніца, самая шырокая па наяўнасці звестак аб гісторыі, рэлігіі, міфалогіі, культуры ўсходніх славян да прыняцця хрысціянства. Назва ўмоўная. Кніга ўяўляе сабою збор блізкіх па ўтрыманні, форме выкладу і мове, але напісаных у розны час рознымі аўтарамі і, магчыма, нават у рознай мясцовасці тэкстаў-пропаведзяў язычніцкіх жрацоў. Пропаведзі гэтыя, узнікненне якіх даследчыкі датуюць VIII – IX стагоддзямі, былі выразаны на двухбаковых букавых дошчачках. Аб гэтай крыніцы варта распавесці падрабязней.

Беларусь далетапісная. Ілюстрацыя да раздзелу ''Кій – герой усходніх славян

"Вялесава кніга" была знойдзена і выратавана ў 1919 годзе афіцэрам белай арміі, дзянікінцам, палкоўнікам артылерыі, камандзірам Маркаўскага дывізіёна Алі Ізенбекам (у хрышчэнні Фёдарам Артуравічам). Яго дывізіён быў часова раскватараваны ў маёнтку князёў Задонскіх, недалёка ад станцыі Вялікі Бурлюк каля Харкава. Да гэтага мястэчка некалькі разоў пераходзіла з рук у рукі. Пасля таго, як у рэвалюцыю фальваркоўцаў расстралялі чырвонаармейцы, сюды прыходзілі ўжо і сахараўцы, якіх змянілі дзянікінцы. Маёнтак быў разрабаваны, але сярод непатрэбнага хламу, якім падначаленыя Ізенбека сталі тапіць печ, палкоўнік убачыў дзіўныя, пакрытыя пісьмёнамі дошчачкі. Частка з іх ужо была абсалютна сапсавана, некаторыя патрапілі пад салдацкія боты і былі раздушаны. Ацалелае Ізенбек, зразумеўшы каштоўнасць знаходкі, сабраў у марскі мяшок і ўзяў з сабою. 3 трыццаці васьмі дошчачак, вывезеных гэтым дзянікінцам пры адступленні за мяжу, большасць уяўляюць сабою ўласна абломкі дошчачак, вялікія і малыя. На некаторых тэкст быў настолькі цяжка чытэльны, што атрымалася расшыфраваць толькі некалькі сказаў і слоў. Але, да шчасця, сярод астаткаў выратаванага помніка пісьменнасці некалькі тэкстаў захавалася цалкам.

У 1924 годзе ў Брусэлі Ізенбек пазнаёміўся з літаратарам, які пісаў на гістарычныя тэмы, Юрыем Міралюбавым, і паказаў яму сваю знаходку. Міралюбаў быў першым, хто спрабаваў зрабіць пераклад тэксту "Вялесавай кнігі". Ён жа правёў карпатлівую працу па расшыфроўцы і перапісцы тэксту з дошчачак на паперу. Па яго патрабаванні з трох дошчачак былі зроблены фотаздымкі.

У гады Другой сусветнай вайны арыгінал "Вялесавай кнігі" беззваротна знік. Вывучэнне тэкстаў стала магчымым толькі дзякуючы таму перапісанаму асобніку, які зрабіў Міралюбаў. І ў 1953 годзе рускія эмігранты з Сан-Францыска ў часопісе "Жар-птица" апублікавалі свае версіі перакладу некалькіх тэкстаў "Вялесавай кнігі" на сучасную рускую мову. Але вядома, што ў перакладчыка, Аляксандра Куранкова, былога генерала белага войска, акрамя здымкаў, зробленых Міролюбавым, былі і іншыя матэрыялы. І значыць, ён альбо бачыў "Вялесаву кнігу" пасля знікнення, альбо сустракаўся з чалавекам, які бачыў яе і зняў частку тэкстаў на фота.

Першым, хто сур'ёзна стаў папулярызаваць "Вялесаву кнігу", выступаць з дакладамі аб ёй на навуковых канферэнцыях і выдаваць серыю кніг аб гэтым тэксце, быў гісторык-славіст Сяргей Лясной. Ён у канцы 60-х гадоў па міралюбаўскім запісам зрабіў свой пераклад кнігі. Пасля працай з тэкстамі "Вялесавай кнігі" займаліся эмігранты Скрыпнік, Рэбіндэр, Лазарэвіч, Сакалоў, Цэгла, Качур. Большасць з іх былі лінгвістамі, і як лінгвісты яны прызнавалі несумнеўную сапраўднасць тэкстаў. Але адмысловую гістарычную экспертызу ў гэты час ужо нельга было правесці з-за адсутнасці прадмета даследавання.

Гэта і дало падставу для сумненняў крытыкі ў савецкай прэсе. У 1960 годзе на падставе адзінага ўбачанага ёю здымка дошчачкі з "Вялесавай кнігі" мовазнавец Л. Жукоўская абвясціла яе падробкай. Ёй паверылі, і больш шаснаццаці гадоў у айчынным друку да пытання аб "Вялесавай кнізе" не вярталіся. Толькі ў канцы 70-х гадоў на старонках расійскіх выданняў з'явіліся гіпатэтычныя артыкулы аб "Вялесавай кнізе" і разгарнулася гарачая дыскусія на тэму аб яе сапраўднасці. Галоўнымі супраціўнікамі "Вялесавай кнігі" выступілі акадэмік Барыс Рыбакоў і яго паслядоўнікі. На нясмелыя прапановы некаторых савецкіх даследчыкаў даць магчымасць айчыннай навуцы спачатку хоць бы пазнаёміцца з аб'ектам спрэчкі, надрукаваць дзе-небудзь тэксты "Вялесавай кнігі", структуры, ад якіх гэта залежала, адмовілі.

Упершыню больш-менш поўны тэкст "Вялесавай кнігі" быў выдадзены ў Расіі дзякуючы намаганням Аляксандра Асава ў 1995 годзе. У першым выданні Асаў разам з перакладам прывёў ўласна і сам тэкст, што дало магчымасць зацікаўленым весці вывучэнне самастойна. І некаторым з дасведчаных у лінгвістыцы і гісторыі чытачам адразу кінуліся ў вочы недахопы і недасканаласці перакладу. У наступных выданнях "Вялесавай кнігі", зробленых Асавым, арыгінальныя запісы ўжо не прыводзіліся. Ды і сам перакладны тэкст змяніўся. Даследчык адмовіўся ад першапачатковай версіі свайго перакладу, і прапанаваў іншы, які моцна адрозніваецца ад першага, але служыць на карысць той тэорыі паходжання славян і развіцця іх ранняй гісторыі, да якой ён схільны. Асаў дазволіў сабе нават неабгрунтаванае раздзяленне тэкста на раздзелы, перанос цэлых яго частак у іншыя месцы, штучную храналагізацыю. Вынік аказаўся сумны. Тыя, хто да знаёмства з перакладам Асава нічога аб "Вялесавай кнізе" не чулі, расчараваліся ў ёй, так і не здолеўшы азнаёміцца з сапраўдным тэкстам.

Аднак, паралельна з Асавым на Украіне над перакладам "Вялесавай кнігі" працавалі сужэнцы Валянцін і Юлія Гнацюкі. Яны пачалі з таго, што звярнуліся ўласна да ўдавы Міралюбава, атрымаўшы ад яе дазвол працаваць з архівамі яе мужа. Гэта дапамагло ім рассартаваць матэрыял і надаць перакладу даволі стройную канструкцыю. Але, добрыя спецыялісты-лінгвісты, яны відавочна недастаткова ведаюць гістарычныя акалічнасці часоў, пра якія пераважна ідзе гаворка ў тэкстах. Адчуваючы бездапаможнасць асобных людзей, якімі б эрудзіраванымі яны не былі, перад велічынёй задачы, якая патрабуе, мабыць, напружанай шматгадовай калектыўнай працы, Гнацюкі самі прызнаюць, што ў перакладзе могуць быць недакладнасці, якія павінны быць выпраўлены зацікаўленымі спецыялістамі.

У гэтай працы ўрыўкі з "Вялесавай кнігі" даюцца на сучаснай беларускай мове, паводле тэкстаў, падрыхтаваных Валянцінам і Юліяй Гнацюкамі і з указаннем нумароў дошчачак паводле іх кнігі 2006 года выдання. Аднак, тыя, на наш погляд, вельмі каштоўныя ўрыўкі, з перакладам якіх мы не згодны, мы ўзялі на сябе адказнасць перакласці самі. Яны ў тэксце вылучаны курсівам.

Мы запрашаем чытача здзейсніць займальнае падарожжа ў наша далетапіснае мінулае, якое, як вы самі неўзабаве ўпэўніцеся, зусім не з'яўлялася дзікім і варварскім, але было высокакультурным і гераічным.

Няхай пакуль яшчэ вельмі часта асобы і падзеі выступаюць перад вачамі падарожнікаў у часе як няясныя, туманныя постаці. Смуга недасведчанасці абавязкова калі-небудзь рассеецца канчаткова. І мы захоплена ахнем, здзіўленыя прыгажосцю і велічнасцю свайго мінулага.

Аўтары


Раім таксама паглядзець:
Марціновіч Алесь. Залатавуст з Турава, альбо Якая яна, старажытная Тураўшчына?
4.99 р.

Марціновіч Алесь. Залатавуст з Турава, альбо Якая яна, старажытная Тураўшчына?

Постаць Кірылы Тураўскага паказваецца на фоне асноўных падзей, што адбываліся на Палессі ў той час.

Гусоўскі Мікола. Песня пра зубра
0.85 р.

Гусоўскі Мікола. Песня пра зубра

Мікола Гусоўскі – адзін з буйнейшых паэтаў эпохі Адраджэння. Яго паэма "Песня пра зубра" – цудоўны сплаў лірыкі і эпасу – з’яўляецца выдатным помнікам літаратурнай спадчыны і духоўнай велічы ўсходнеславянскіх народаў.

Дайнека Леанід. Меч князя Вячкі
4.99 р.

Дайнека Леанід. Меч князя Вячкі

Прыгодніцкі раман Леаніда Дайнекі мае гістарычную аснову. Гэта – гераічная барацьба гараджан старажытнага полацка з тэўтонскімі рыцарамі-крыжаносцамі.